Ліхтарні блеск адкрыў на ліпе россып росаў...
Вось так, на пачатку стагодзьдзя (з-пад пяра Максіма Багдановіча) ліхтарнямі
і асфальтам, партавымі агнямі Лібавы і рамізьнікамі ўрывалася ў беларускую
паэзію тэма места.
Ліхтарні, ліхтаркі, ці ліхтары сталіся проціпастаўленьнем лучыне, лямпе,
і, нават, чаканьню, што загляне сонца і ў наша ваконца. Яны ўжо на пачатку
20 стагодзьдзя намагаліся вырваць нашыя мястэчкі з фізычнага, а літаратуру
зь вясковага безпрасьвецьця...
Слова ліхтар прыйшло да нас зь нямецкай мовы дзе яно азначала
прыладу на якую ставяць сьвечку - сьвечнік, альбо як цяпер кажуць: падсьвечнік.
У некаторых паэтаў ліхтары і ліхтарні ператварыліся ў лятарні-маякі.
Высокі стыль аб'яднаў сьвятло й палёт.
У 70 гадах у Наваполацку група студэнтаў мясцовага інстытуту выдавала
непадцэнзурны рукапісны часопіс "Блакітны ліхтар Максіма Багдановіча".
За гэта выдаўцы досыць хутка пазнаёміліся з КГБ.
Напрыканцы стагодзьдзя ліхтары сталіся ўлюбёным аб'ектам местачковых
хуліганаў, якія не прапускалі зручнага моманту запусьціць у ліхтар камянём.
Згаданае: загляне сонца і ў наша ваконца зьмянілася цьвёрдым: "Цемната
- друг маладзёжы". Адзіным сьвятлом у гэтай цемры сталіся "ліхтары
ў выглядзе крывападцёкаў пад вачыма падлеткаў. Атрыманыя ў бойках, яны
почасту зьяўляліся адзнакамі асабістага гонару. Гэта быў пачатак дэградацыі
маладых беларусаў, якім усё - ад уласнага жыцьця да жыцьця Айчыны -- было
"да ліхтара".
Сяржук Сокалаў-Воюш