Ленін

Савецкія людзі працавалі зранку да вечара дзеля сьветлае будучыні, а прастора наўкол няспынна насычалася прапагандысцкімі эўфэмізмамі накшталт: "самы чалавечны чалавек", "жыве між нас гэній", "бальшавік №1". І людзі ведалі, што гэта -- Ленін.

Ён быў паўсюль. Пераступіўшы школьны парог, дзеці выяўлялі кучаравага "юнага Леніна" на сваіх грудзёх. Пераходзілі з клясы ў клясу зь "ленінскім гальштукам" на шыі. А потым уступалі ў "ленінскі саюз моладзі".

Усе састарэлыя кіраўнікі дзяржавы былі "вернымі ленінцамі".

Людзей увесьчасна заклікалі "жыць і працаваць па-ленінску".

І нават сьвятло ў хатах зьяўлялася толькі дзякуючы "ленінскаму пляну электрыфікацыі", што ўвасабляўся ў "лямпачках Ільліча".

Паэты, мастакі, рэжысэры ды ўвесь творчы люд нястомна папаўнялі гэтак званую "ленініяну", запэўніваючы, што яны "зь Леніным у сэрцы", сьцьвярджаючы -- "мы -- Леніна племя", паказваючы, як "Ленін думае пра Беларусь".

Прайшоў час і маўзалей зачынілі, з грошай "ленінскі профіль" прыбралі, у фальклёрным паходжаньні казкі "Ленінская праўда" ўсумніліся.

І ўсё ж у 3-е тысячагодзьдзе Ленін заедзе калі не на легендарным бранявіку, то на трактары "Беларус" абавязкова. На беларускіх пляцах па-ранейшаму стаяць сотні ленінаў, часам недагледжаных, з птушынымі спражненьнямі на лысінах -- птушак не аштрафуеш і ня кінеш у вязьніцу, як гэта сталася нядаўна з маладым беларускім патрыётам Аляксеям Шыдлоўскім, што зь сябрамі ўпрыгожыў адпаведнымі надпісамі помнік Леніну ў Стоўбцах.

Што будзе з галоўным беларускім леніным на сталічным пляцы Незалежнасьці пасьля краху лукашэнкаўскага рэжыму? Хтосьці прапануе адвезьці помнік у адмысловую рэзэрвацыю, хтосьці -- беражна надзець на яго клетку, і ў такім выглядзе захаваць, як перасьцярогу нашчадкам.

І ўсё ж гэты ленін варты лепшае долі -- ён зьбярог ад бальшавіцкага перасьледу беларускі правапіс. Падыйдзіце да помніка бліжэй і прачытайце: "Наперад, пад сЬцягам ленінізму!" Мяккі знак перажыў усе рэпрэсіі на ленінскім манумэнце пад крысом ленінскага паліто.

Міхась Скобла