Лягер -- небеларускае слова. Запазычанае за Пятром І зь нямецкай расейскае слова "лагерь" у нас вымаўлялася як "лагер", i ў адным шэрагу з "трапкай" і "чаем" служыла падставаю для пашыраных уяўленьняў савецкае намэнклятуры пра грубасьць беларускай мовы.
Увогуле лягер -- гэта стаянка, звычайна часовая, пад адкрытым небам і з часовым жытлом. У лягеры не жывуць, а толькі перабываюць, кантуюцца, марынуюцца, церпяць.
Людзі майго пакаленьня ўпершыню сустракалі гэтае слова ў кнiгах пра
амэрыканскiх пiянэраў -- першапраходцаў. Пасьля мы траплялi ў
пiянэрскi лягер i прыблiзна тады ж даведвалiся пра фашыстоўскiя канцэнтрацыйныя лягеры, хоць паралелi не рабiлi. Нарэшце стала вядома і пра ГУЛАГ -- сталінскую галоўную лягерную ўправу.
Памятаю, калi на ўроках аднаклясьнiца павярталася да свавольніка,
якi таргануў яе за касiчку й казала: "прыдурак лягерны", тады
гэта разумелася як вытворнае менавiта ад лягеру пiянэрскага,
Гэта пазьней вычыталася ў "Архiпэлягу ГУЛАГу" Салжаніцына, што у сталiнскiх лягерах быў такi тэрмiн: прыдурак лягерны.
Такім чынам лягеры складаліся ў нехраналягічную пасьлядоўнасьць:
фашыстоўскi канцлягер, пiянэрскi, i толькi пасьля ГУЛАГ.
Лягеры перамешчаных асобаў, лягеры ўцекачоў, канцэнтрацыйныя,
лягер папраўча-працоўных работ -- найчасьцей у гiсторыi гэтае слова зьвязанае зь людзкiм няшчасьцем, гвалтам чалавека над чалавекам i зь няволяй. I толькi ў савецкай рэчаiснасьцi яно мусiла зьвязвацца наадварот -- з маладосьцю, радасьцю, здароўем. Лягер пiянэрскi, спартовы, лягер алiмпiйскага рэзэрву. Было й пераноснае -- Лягер міру.
Ва ўласна беларускай гiсторыi слова лягер няма. Гэта ня наша слова,
якое абазначае ня нашыя рэалii, якiя цяпер сыходзяць у нябыт.
Што да грунвальдзкіх ваяроў і піянэраў-першаадкрывальнікаў, дык яны застануцца ў нашых кнігах, але ставаць будуць ня лягерам, а абозам, як гэта спрадвеку і было ў Беларусі.
Сяргей Дубавец