Кут.. Надзвычай багата сэмантычных адценьняў мае слова кут.
Кут - Радзіма, родны край. "Новая зямля" Якуба Коласа так і пачынаецца
афарыстычна: "Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы...".
Дасьціпная прыказка нагадвае: "Дораг той куток, дзе адразалі пупок".
Кут - пачэснае мейсца, звычайна пад абразамі. На кут садзяць гасьця,
тым самым выказваючы яму пашану. На куце сядзяць і гаспадар і гаспадыня.
Янка Купала пісаў: "Беларусь на куце ў хаце сваёй села, чарка мёду ў
руцэ, пазірае сьмела".
Вясёлыя показкі падкрэсьліваюць, што "не мейсца гожыць чалавека", "добраму
чалавечку - доба і ў запечку, а якой благаце блага і на куце".
"Вашапрут - на кут, а добраму чалавечку - добра і ў запечку". "А папеўка
радуецца: выпіла-закусіла, сама сабе пахваліла, захінулася ў куток, па
тры чарачкі ў раток",
На кут, на дзяжу садзілі маладую. У кут клалі і перад апошняй дарогай,
бо мярэц таксама госьць на гэтым сьвеце, як і жывыя. Адсюль і праклён -
"Каб цябе на кут абмылі!".
Кут - хата, жытло. У Янкі Купалы: "За ўсё, што сёньня маю, што даў мне
мой народ, за кут у родным краі, за хлеб-соль без клапот, я адплаціў народу...".
Кут - жытло не ў сваёй хаце, "сядзець кутам" - значыць, кватэраваць.
Кутнік - кватэрант. А яшчэ кутнікі - зубы.
Проста куток у хаце. "У куточку на пруточку вісяць Мэндэлевы яйцы".
Гэта - загадка пра клубок нітак. Альбо - "На ласы кусочак знойдзецца куточак".
Ёсьць яшчэ і кут гледзіва, у кожнага ён свой. Беларускі кут гледзіва
- незалежная эўрапейская дзяржава Беларусь.
Кут, у нейкай ступені - і мера часу. З кута ў кут - і дзень тут.
Галоўнае - каб мы былі ў сваёй хаце-Беларусі гаспадарамі, а не кутнікамі.
Рыгор Барадулін.