Культ

Культ - слова ня наскае, гэта лаціна, і этымалягічны слоўнік беларускай мовы сьцьвярджае, што запазычанае яно праз расейскую мову. Той, хто ведае традыцыі лаціны ў Беларусі і беларускай лацінкі, з гэтай высновы акадэмічнага мовазнаўства ня стане рабіць культу, а проста пасьмяецца.

Паняцьце "Культ" зьвязанае з рэлігіяй - абагаўленьнем. Гэтае слова часьцей за ўсё гучала ў Беларусі ў сярэдзіне 50-х, калі прапагандысты зачытвалі сакрэтны даклад Мікіты Хрушчова на ХХ зьезьдзе кампартыі: тлумачэньне зьверстваў камунізму культам адной асобы было надзвычай папулярным і эфэктыўным сродкам падмены паняцьцяў і падману народу. Удала знойдзеная формула затрымала адкрыцьцё праўды і вяртаньне справядлівасьці на дзесяцігодзьдзі - сам выраз "культ асобы" стаўся культам.

Корань "культ" напрасткі зьвязаны з культурай, уваходзіць у розныя складаныя словы, якія існавалі адно ў савецкай мове - культпаход, культтавары, культмасавы, культармеец. Апошняе ўтварэньне ўжо зусім блізкае да "кулі" - і хоць этымалягічна "куля" ня мае ніякага дачыненьня да "культу", праз камунізм гісторыя ХХ стагодзьдзя даводзіць гэтую сувязь бяспрэчна.

Аляксандар Лукашук