Кулак

Удар кулаком аб стол - апошні вядомы нам жэст Купалы.

Кулак - слова цюрскае, якое ўзыходзіць ад турэцкага kol - рука.

Кулак - зброя. "Ударам кулака быка валіць" - кажуць пра дужага чалавека. Кулачны бой - ці не адзін зь першых відаў спорту ў Беларусі. Кулаком почасту вырашаюць спрэчныя пытаньні.

"Ісьці на кулачкі" - удзельнічаць у бойцы.

"Ударыць кулаком аб стол" - кажуць пра таго, хто пры дапамозе такога ўдару спадзяецца развязаць свае праблемы з начальствам, або пра начальніка, які хоча гэткім чынам псыхалягічна заатакаваць падначаленых.

Кулак - вораг савецкай улады, багаты селянін-уласьнік, які не зьмірыўся з бальшавіцкім рабаваньнем вёскі і са зброяй у руках пайшоў бараніць сваё права на працу і прыстойнае жыцьцё.

Трагічны кантэкст ХХ стагоддзя - раскулачваньне. Гэтае слова, паводле слоўнікаў, азначае пазбавіць кулакоў зямлі і сродкаў вытворчасьці. Паводле жыцьця, яно азначае - арышт, допыты, катаваньні, высылку або растрэл. Прычым савецкая ўлада почасту называла кулакамі адносна небагатых сялянаў. Калі ж чалавек не пасаваў ні ў адну з названых катэгорыяў, ён трапляў у шэраг падкулачнікаў.

Шмат хто з гэтых людзей, баронячы сваё жыцьцё, з надзеяй на незалежнасьць краіны ішлі ў лясы, бралі ўдзел у руху Зялёнадубаўцаў, кіравалі антысавецкай партызанкай.

Сяржук Сокалаў - Воюш.