Кукуруза

Асабліва ў паўднёвых краях Беларусі кукуруза была кармавой расьцінай, зь яе быў багаты і спажыўны сілас. У паўночных краях у нас кукуруза там-сям расла на гародах як нешта экзатычнае, нешта падобнае да сланечніка.

Пры Хрушчове з кармавой зрабілася рэзка і беспапярэчліва палітычнай культурай. На Ушаччыне — на самай поўначы Беларусі — памятаю, пад кукурузу адводзілі бурачнішчы, лепшыя кузлачкі зямлі, бо ў нас амаль увесь падзол і камяні.

Штучна выганялі кукурузу, каб на фоне яе сфатаграфаваць так званых перадавікоў і паслаць іх на Выставу дасягненьняў народнай гаспадаркі ў Маскву, а калі не ў Маскву — хоць у Вітэбск.

Мастак Зайцаў атрымаў высокае званьне за карціну «Наш дарагі госьць Мікіта Сяргеевіч». Сюжэт да сьлёзаў просты — Хрушчоў стаіць у кукурузе.

Мне дасюль незразумела — ці на поўным сур’ёзе, ці можа зь сялянскім зьдзеклівым гумарам пісаў Якуб Колас:

Кампазытар, меней фузу —
Тромкай, брат, пра кукурузу...

Тут слова «тромкай» усё-ткі зьніжае пафас. І ў канцы верша — таксама хітрынка нейкая:

Дык гадуйся, кукурузка,
Ты для ўсіх жывёл закуска.

Калі ў Беларусі лепшыя землі аддавалі пад «каралеву палёў», дык у Літве Сьнечкус, сакратар ЦК, спытаўся, адкуль могуць ехаць маскоўскія камісіі — і ўздоўж тых дарог выгналі кукурузу як не да трох мэтраў, так бы мовіць — інспэктар-ахоўчую паласу. А на асноўнай зямлі сеялі тое, што радзіла спакон вякоў.

І цяпер кукуруза расьце там, дзе й расла. Напамінам пра сумна-вясёлыя часіны стаяць толькі вялізныя сіласныя вежы, якія так ніколі й не працавалі — як мінарэты ў паўночных краях. А Хрушчоў атрымаў у народзе мянушку «Мікіта-кукурузьнік»...

Рыгор Барадулін