Крыж

Крыж. Ярылаў Крыж на шчыце Пагоні. Крыж нябёснай заступніцы Беларусі сьвятой Эўфрасіньні... Усё гэта - неадменныя сымбалі Бацькаўшчыны, як неадменныя праявы нашага жыцьця - Крыжмы - кавалкі тканіны, на якія клалі дзіця пасьля кшчэньня, Крыжавыя слупы й раздарожжы, танец Крыжачок і Крыжыкі - форма ўкладкі снапоў пры сушцы ў полі, ці гатунак вышыўкі, а ўзор Крыжа, на той самай вышыўцы, залежна ад формы - і знак агню нябёснага, ці падземнага, і сымбаль сустрэчы закаханых ды зачацьця, выява сямейнага агменю і ўрэшце - сьмерці.

Крыжакі - нямецкія рыцары - частка нашае гісторыі, а таксама - Крыжак і Крыжовік - старадаўнія манэты з выявай крыжа. А да гэтага - Крыж ордэну Пагоні і Крыж Зялезнага рыцара - узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі. Крыж Булак-Булаховіча - Беларускі ордэн, які выдаваўся безпасярэдне ў часе баёвых дзеяньняў.

Яшчэ адное значэньне: Крыж альбо Крыжавіна - частка нашага цела.

Скрыжаваць мячы, скрыжаваць позіркі, несьці свой Крыж і паставіць Крыж на чым-небудзь.

У іншых славянскіх мовах слова Крыж гучыць падобна беларускаму. Найдалей ад нашага хіба ніжнелужыцкае - Ksica і расейскае Крест. Але ўсе яны, як і ангельскае cross і францускае - croix маюць тое самае, хутчэй за ўсё лацінскае альбо раманскае паходжаньне.

Культурны чалавек, прыехаўшы на Беласточчыну, ніколі не абміне Грабаркі. Так называецца найбольш шанаваная тамтэйшымі Беларусамі царква, вакол якой сотні, калі ня тысячы Крыжоў. Пастаўленыя рукамі вернікаў, яны - сымбаль звароту да Бога, знак чалавечае просьбы дапамагчы ў бядзе. Пра нешта падобнае кажа Зянон Пазьняк, калі прапаноўвае ўсім Беларусам сьвету прынесьці са сваіх мясьцінаў свой крыж на Курапаты і гэткім чынам стварыць агульнанародны, агульнанацыянальны помнік нашай памяці, цеплыні нашых сэрцаў і нашай лучнасьці з Богам.

Сяржук Сокалаў-Воюш