Крама -- слова, якое этымалягічныя слоўнікі вызначаюць як старабеларускае запазычаньне з польскай мовы і падаюць дату першай пісьмовай згадкі гэтага слова ў беларускіх крыніцах -- 1582 год.
Паводле тлумачальных слоўнікаў, крама -- невялікая гандлёвая кропка. Але напрыканцы ХХ стагодзьдзя крамай пачалі называць ня толькі невялікія, але й досыць прыстойныя гандлёвыя будынкі. Такога падыходу вымагала сама мова, бо калі крама -- невялікая ўстанова, тады што ж такое крамка? Што да маленькіх гандлёвых кропак, дык яны пачалі называцца крамкамі, або вернутымі ў мову яткамі і шапікамі.
Крама, крамка, крамачка, крамар, крамнік, крамнічыха, крамніца, крамны, крамнае. Няма тае крамкі, каб прадаваліся мамкі.
Яшчэ адное значэньне слова крама -- куплёная, несамаробная тканіна.
А цяпер пра незафіксаваныя значэньні:
Крама -- месца ў якім можна высьветліць узровень дабрабыту насельніцтва, а таксама скласьці меркаваньне пра слабыя і моцныя бакі эканомікі. Крама непарыўна зьвязаная са словам чарга, чэргі (пра што аднак будзе асобная гаворка).
Яшчэ адно значэньне слова хаваецца ў словазлучэньні «вясковая крама». Яна -- адна з дамінантаў сельскага жыцьця. Празь ейны гарэлачны аддзел пралягаюць шляхі ў клюб, у сельсавет, да брыгадзіра, а то й да самога старшыні. Ля крамы чакаюць прывозу тавараў і абмяркоўваюць усё -- ад сусьветнай палітыкі да маральнага аблічча аднавяскоўцаў.
Крама -- месца нараджэньня савецкіх выразаў: ушла на базу, піва нет, прыём тавараў, пераўчот, па кілаграму ў адны рукі, отпуск па талонам хаця гэта ўжо ня крама, а магазын.
Сяржук Сокалаў-Воюш