Ёсьць словы, якія літаральна запаланілі беларускую мову ў апошнія два-тры дзясяткі гадоў. Ня тое што пустазельле, але й не жывыя. Вымаўляючы іх, нібы жуеш цэляфан. Адно скрыпіць. Можа, дзеля гэтага свайго трэску ды скрыпу і прыйшлі яны спачатку ў траскучыя начальніцкія прамовы, а пасьля і ў жывое маўленьне. Вось, да прыкладу, слова комплекс.
Яго можна ўставіць у любую фразу, бо, лацінскае з паходжаньня, яно перакладаецца як сувязь або сукупнасьць. А сукупнасьць — яна паўсюль. Толькі вось казаць пра сукупнасьць прадуктаў у краме, або сукупнасьць дзеяньняў па прыборцы кватэры язык не паварочваецца. І тут прыходзіць на дапамогу комплекс. Комплекс належыць не да словаў са значэньнем, а да словаў са значнасьцю — як тая фігура ўплыву сярод людзей. А пакольку за савецкім часам уся ўвага надавалася не значэньню прамоўленага і зробленага, а менавіта значнасьці, дык цэляфанавае слова комплекс надзвычай прыйшлося да роту.
Сьвінарнікі ператварыліся ў сьвінакомлексы, захады — у комплекс мерапрыемстваў, сталі комплекснымі лячэньне і абеды. Мы аглядалі мэмарыяльныя комплексы, а пасьля кіраваліся да комплексаў спартовых. Нават зьняволеныя пачалі адчуваць комплекс віны. Гэтак моўная сынтэтыка паступова зьмяншала наш слоўнікавы запас да дзясятку штампаў, у якіх каралём выступаў комплекс. Тады і загаварылі пра комплекс непаўнавартасьці, які пазьней назавуць комплексам саўка...
Комплекс служыў ілжывай прапагандзе і самападпану. У звычайнай мове гэтае слова — штучнае, несапраўднае. І ўжываньне ягонае доўжыцца датуль, дакуль мы ахвочыя падманваць сябе ды іншых. А пасьля... На такі выпадак у беларускай мове ёсьць устойлівы выраз: пазбавіцца комплексаў.
Сяргей Дубавец