Нават тлумачальны пяцітамовік беларускай мовы ў артыкуле пра кок-сагыз
пасьля азначэньня, што гэта "шматгадовая травяністая каўчуканосная расьліна
сямейства складанакветных" і дадатку, што слова цюркскае, не падае далей
аніводнага прыкладу.
Няма ў выданьні і такіх характэрных для ягонага стылю вытворных, напрыклад:
кок-сагызны, або кок-сагызавы.
У несавецкіх, а таксама савецкіх слоўніках першай траціны ХХ стагодзьдзя
аніякага кок-сагызу няма.
Між тым кок-сагыз - гэта цэлая эпоха ў разьвіцьці сельскае гаспадаркі
ў Беларусі. Адкрытая ў 1932 годзе ў высакагорных далінах Цянь-Шаню,
падобная на звычайны дзьмухавец расьліна на загад вялікага аграрніка Сталіна
пачала расьці ў Беларусі. Больш таго, пра посьпехі гэтага росту Сельскагаспадарчая
энцыкляпэдыя 1951 году меркавала па дасягненьнях беларускіх калгасаў "Чырвоная
зьмена", "Ударнік", "Перамога", "Камсамолец", імя Варашылава і ймя Молатава.
З кок-сагызу выраблялі каўчук. Каб палепшыць ураджайнасьць расьліны,
тагачасныя прафэсыяналы прапаноўвалі дзьве дарогі:
1) Ужываць стаханаўскія спосабы працы і
2) Перайсьці на прапанаваны сельгаскамуністам акадэмікам Лысенакам квадратна-гнездавы
пасеў у торфа-перагнойных гаршчэчках, пры якім, як і калгасьнікі, расьліны
мусілі разьвівацца не паасобку, а групамі. У гэткі спосаб іх, як
адных так і другіх, лягчэй было даглядаць.
Неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна сыйшоў у нябыт і кок-сагыз -- расьліна
малакарысная і слабапрадуктыўная на беларускіх палетках. Але сьвятое
месца пустым не бывае. На зьмену каралю палеткаў кок-сагызу ўжо сьпяшалася
каралева палёў кукуруза.
Cяржук Сокалаў-Воюш