Гэты фасон жаночае сукні, крой якой шырыцца да нізу або матроскіх порткаў
быў у модзе да канца стагодзьдзя. Паходзіць з францускае мовы -- cloche,
што азначае звон, звонападобны.
Дамская мода трывае даўжэй, хоць і, як звычайна, зьменлівая. Яшчэ з
часінаў НЭПу -- разгулу моды й дазволенай волі. Можа хто і памятае песеньку
-- "калі я кавалерыў, насіў я порткі клёш, капелюш саламяны, у кішэні --
фінскі нож".
Пасьля вайны хлопцы, якія адслужвалі на савецкім флёце ледзь не "царскі
тэрмін", шыкавалі ў неймаверна разьвеяных клёшах -- што называецца, "заграбалі
асфальт". І калі ў піку клёшу, асабліва студэнцтва, сталі насіць порткі-дудачкі,
"дасьмілаўцы" -- гэтыя дабрахвотныя паслугачы міліцыі -- сантымэтрам замяралі
шырыню калашынаў і распорвалі брытвамі порткі, а праз пышную шэвелюру рабілі
праход машынкаю ці той жа брытваю.
Любая мода заваёўвае сваё права й ня дужа хоча саступаць яго. Мода як
бы тая ўлада -- любіць трымацца моцна.
Рыгор Барадулін