Каваль

У каваля на Зямлі свой адвечны клопат -- каваць. Каваль -- стваральнік. Выкоўваючы мэтал, ён куе сваю долю.

У нашага каваля шмат славянскіх блізьнятаў. Разам з рамяством, замацавалася гэтае слова яшчэ ў праславянскую пару. Беларускія кавалі ў даўніну былі адначасна гуднікамі, вытаплялі з руды жалеза. Пазьней, у часе кавальскага буму не рабілі ўсе кавалі аднаго й таго ж самага -- мелі свае дзялянкі. Адзін працаваў мечнікам, другі замкі вырабляў, а трэйці -- толькі за нажы браўся.

Ня менш як тры гады займала навука кавальства. Пасьля кавалёвы вучні станавіліся кавалькамі. Каб прызналі за майстра, мусіў кавалёк зрабіць штуку -- выкаваць што-колечы бяз помачы.

На мяжы мінулага й нашага стагодзьдзяў пакідалі ў нас кавалі грамадзкія кузьні ў гарадох, куплялі ўласныя кузьні ды асядалі ў вёсках. А там заўжды было поўна працы: калёсы акаваць, коней падкаваць, зрабіць сярпок ці матычку, сякерку або сьвярдзёлак.

Цанілі каваля -- вялікі ён чалавек на зямлі!

Але прыйшла савецкая індустрыялізацыя і клопат кавалёў абмежавала. Шчыравалі тыя ў калгасных майстроўнях, куючы разам з мільёнамі суайчыньнікаў інакшую, нечуваную на сьвеце, долю. Былі "лепшае будучыні кавалямі". І так ад кавальства даўнейшага адступіліся, але й шчасьця супольнага не прычакалі.

Застаюцца цяпер прыканцы стагодзьдзя на нашай выбоістай беларускай дарозе, дзе так ня проста стаць кавалём свайго шчасьця.

Юрась Бушлякоў