Каваль - адна з самых таямнічых, спавітых легендамі, казкамі
й забабонамі асобаў у жыцьці беларуса. Ня трэба мець высокі густ,
каб адчуць, што словы каваль і прафэсія ня надта стасуюцца.
Каваль
- нешта большае. Каваль - мастак, чарадзей, чалавек, які вырабляе
з агнём і жалезам тое, што (нават абы-як) ня можа зрабіць хто заўгодна.
Магію кавальства адчулі бальшавікі, якія ўклалі ў рукі рабочага-малатабойца
кавальскі
молат і намовілі яго разьбіваць уяўныя ланцугі рабства, каб замяніць іх
на свае. «Кавалі» - купалаўскі пераклад песьні «Мы кузьняцы,
і дух наш молад», якая так і не загучала ў беларускім варыянце. Надта
ж не стасуецца, у параўнаньні з кузьняцом, вобраз каваля, які куе
ключы шчасьця. «Каваль» - яшчэ адзін пераклад Купалы, але
ўжо з польскай, дзе заміж гультайскіх прымройных ключоў, гаворка ідзе пра
нялёгкую, але ўзьнёслую працу і стаўленьне да гультаёў.
Слова каваль паходзіць ад дзеяслова каваць, які ёсьць
у славянскіх, балцкіх і нават лацінскай ды ірляндзкай мовах.
Кавальства, кавальня, кавадла, падкаваць,
падкова
- словы аднаго гнязда.
«Сам гартаваны, як меч на кавадле паходным» - пісаў пра Вітаўта
Вялікага Мікола Гусоўскі. «Каваль-ваявода» - п'еса Еўсьцігнея
Міровіча. «Кавалі» - народны танец.
Павал і Дзьмітры Кавалёвы - пісьменьнікі. Уладзімер Кавальчук
- сьпявак. Міхал Кавальчык - рэжысэр. Аўгіньня Кавалюк
- паэтка. Віктар Каваленка - празаік. Софія Кавалеўская
- фальклярыстка, а ейная аднайменьніца - першая ў сьвеце жанчына-прафэсар.
Уладзімер Кавалёнак - касманаўт. Сяргей Кавалёў - праваабаронца.
Сьпіс можна доўжыць да бясконцасьці.
У сярэдзіне 80-ых кавальства як аднаасобная праца пачало адраджацца.
Новы каваль - гэта перад усім мастак, які ня толькі і падкову зробіць
і каня падкуе...
Сяржук Сокалаў-Воюш