Кава - слова вельмі беларускае. Гэта добра ведаюць тыя,
каму даводзілася замаўляць гэты напой у якім-небудзь менскім гастраноме.
Гэтае слова - як лякмусавая паперка, паводле яго цябе ідэнтыфікуюць у чарзе
як беларуса.
Слова кава прыйшло да нас з Усходу - з Асманскай імпэрыі, а асманскія
туркі пазычылі яго ад арабаў, у якіх яно гучала «qahwa». А
вось да расейцаў, прыкладам, кава прыйшла значна пазьней і з Захаду
- таму расейскае слова «кофе» зусім непадобнае на нашае, і застаецца дагэтуль
чужое для самой расейскай мовы, якая так і ня здолела яго прыстасаваць
да сваёй сыстэмы.
Кава для Беларусі - новы нацыянальны сымбаль, знак далучанасьці
да паўзабытай намі эўрапейскай цывілізацыі. «Кавы», - папросім
мы - і нас зразумеюць у любой кавярні ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Славаччыне,
Украіне, карацей кажучы - у НАШАЙ Эўропе.
...Мы надоўга сыходзім у цемру ночы або ў шэрасьць дня, каб аднойчы
на золку вярнуцца да старога сябра, які перш чым пра што-небудзь запытацца
пачастуе нас добрай кавай.
Сяргей Шупа