Капялюш

Спрадвеку сямейства галаўных убораў сьвята захоўвала фамільную традыцыю – прыкрываць галовы, незалежна ад іх якасьцей, ад сьпякоты і дажджу. Але і ў сямействе галаўных убораў, як і ў саміх галоў, ніколі ня было роўнасьці. Расслаеньне адбывалася сінхронна. Таму і кажуць: па галаве й шапка. Якая галава – такая й шапка. Ці наадварот: якая шапка – такая і галава.

Беларускае слова "капялюш" паходзіць ад лацінскага "kapellus".

За савецкія часы галовы падзяліліся на намэнклятурныя галовы і шараговыя галоўкі. А з галаўных убораў вылучыўся капялюш – шапачная намэнклятура. Галоўкі сталі сарамліва прыкрывацца бэрэтамі дый кепкамі. Галовы – напяльваць на сябе фанабэрыстыя капелюшы, нібы баравікі. У народзе іх, зрэшты, так і звалі – баравікі, грыбы. І па чырвоных сьвятах расьлі яны на мармурах маўзалею дый сотнях іншых трыбунаў па ўсёй краіне.

Бегам часу капялюш стаў забывацца пра сваю функцыю. Ён станавіўся сымбалем прыналежнасьці да ўлады. Ад Крамля да раённых камітэтаў і сельскіх саветаў хавала пад ягонымі палямі абрысы сваіх галоваў новая знаць – сакратары, дырэктары, старшыні, брыгадзіры.

Капелюшы прырасталі да іхных галоў. Здавалася, іх не здымалі ні пры якім надвор’і. Здымі – і ты ніхто. У капелюшы ты – сіла.

Натуральна, капялюш станавіўся прадметам фальклёру.

“Справа ў капелюшы”, – радасна паціскалі рукі, калі нейкая ўгода адбывалася. Відаць, ад перакананасьці, што гаспадар капелюша можа ўсё.

“А яшчэ ў капелюшы”, – чулася ў аўтобусах ды чэргах. Зноў вылучалі з шараговых гаспадара капелюша.

“Ну і капялюш” або проста: “капялюш ты…” Вось тут ужо прарывалася сапраўдная думка народная пра намэнклятуру.

Нічога вечнага на сьвеце ня бывае. Зашмальцаваўся і знасіўся савецкі намэнклятурны капялюш. Дый зьнік зь нашага жыцьця разам з саветамі й намэнклятураю. Яго даношваюць на лецішчах пэнсіянэры або фарсяць у ім бамжы. Цяпер у модзе непрыкрытыя галовы. Якія б ні былі – сьветлыя і цёмныя, вялікія-малыя, лысыя ці валасатыя.

Няма капелюша – няма й прыкрыцьця.

Вячаслаў Ракіцкі