Кандыдат – той, хто намечаны для выбраньня, прызначэньня або прыёму
куды-небудзь. Іншае значэньне слова "кандыдат" - навуковая ступень. У другой
палове XIX ст. на тэрыторыі Беларусі такую ступень мелі людзі, што сканчалі
з вышэйшай адзнакай навучальную установу. Кандыдатам права быў Кастусь
Каліноўскі.
У савецкія часы спалучэньне "кандыдат навук" – азначала навуковую ступень,
якая прысуджалася на падставе абароны дысэртацыі, альбо так называлі чалавека,
які ўжо атрымаў гэтую ступень.
Само слова "кандыдат" паходзіць ад лацінскага "candidatus" - "апрануты
ў белае", і ўжо таму этамалягічна блізкае беларусам. Вялікая колькасьць
дарослага насельніцтва БССР пэрманэнтна знаходзілася ў статусе "кандыдатаў
у члены КПСС". 6 месяцаў і дзьве рэкамэндацыі іншых членаў партыі – фармальнасьць
для "кандыдата", калі ён вывучыў праграму, статут і авалодаў партыйнай
тактыкай. Можна уступаць…
У апошні год гэтае слова ў Беларусі ўвабрала ў сябе іншы кантэкст і
будучыня яго сучасных носьбітаў неясная. Адно ведаем пэўна – рэклямныя
буклеты з фатагенічным партрэтам незалежнага беларускага кандыдата могуць
так і не зьявіцца на століках прыёмных стаматалягічных клінікаў, а ўсьмешку
беларускага кандыдата ня будуць штампаваць у выглядзе прыдарожных постэраў.
Сёньня беларускае слова "кандыдат" практычна не абаронена ад фальшывых
абвінавачваньняў у СМІ. Беларускі кандыдат ня можа папярэдзіць усе свае
памылкі ці памылкі сваіх паплечнікаў, тым больш тады, калі гэта ўжо здарылася.
Турма, альбо палітычнае выгнаньне – рэальныя ўмовы існаваньня для незалежнага
беларускага кандыдата. На вялікі жаль, некаторых зь іх, людзей вялікай
сілы духу і пачуцьця ўласнай годнасьці ўжо напаткала сьмерць. Аднак менавіта
дзякуючы самаахвярнай барацьбе усіх беларускіх кандыдатаў, пачынаючы ад
"Яські – гаспадара з-пад Вільні" слова "кандыдат" стала сынонімам словаў
"змагар", "патрыёт", "барацьбіт".
Мала хто ведае, што "кандыдат" – гэта і сталовы гатунак бульбы, выведзены менавіта ў Беларусі. Ад іншых ён адрозьніваецца тым, што позьнесьпелы і ўраджайны.
Андрэй Лапцёнак.
Мала хто ведае, што "кандыдат" – гэта і сталовы гатунак бульбы, выведзены менавіта ў Беларусі. Ад іншых ён адрозьніваецца тым, што позьнесьпелы і ўраджайны.
Андрэй Лапцёнак.