Адметнаю своеасаблівасьцю слова зьяўляецца тое, што яно з іншамоўнага,
ды яшчэ вузкаспэцыяльнага тэрміну-экзатызму – маскіроўка вайсковай тэхнікі
– з незвычайнай лёгкасьцю прыжылося на колішняй агульнасаюзнай, а цяпер
вось і на нашай роднай беларускай глебе.
У тым і другім значэньні ў выніку зьменаў вонкавых і сутнасных, прататыпа
чалавека з ружжом і колеру хакі зьмніў чалавек з дубінкай і ў камуфляжы.
І хоць яго можна сёньня сустрэць на кожным рагу гарадзкой вуліцы, ды цяжка
з прычыны камуфляжу зразумець каго ці што ён беражэ і які парадак
ахоўвае. І паколькі яго камуфляжная ўніформа адзначаецца ў залежнасьці
ад канфігурацыі і афарбоўкі плямаў па рознаму: дзень – ноч, лета – восень,
мыш – салома, то застаецца гадаць, што гэта азначае – ці то канец сьвета,
ці пачатак новага жыцьця, ці то яркі як летні дзень росквіт дэмакратыі,
пры тым такой, якой, як мы ня раз чулі, няма ні ў воднай самай дэмакратычнай
краіне, ці то яе імглісты вечар, яе прыцемак, ці то неабходнасьць варушыцца,
бегаць з мэтай выжываньня накшталт мышы-палёўкі, ці то знак сядзець ціха
пад мятлой як мыш хатняя.
Здачу нацыянальнай дзяржаўнасьці можна камуфляваць гучнымі словамі
аб непарыўнай еднасьці і агульнасьці лёсу народаў; агрэсыўны імпэрскі панславізм
– псэўдааргумэнтамі наконт адмысловай славянскай роднасьці; а рост узроўню
інфляцыі і цэнаў – разлагольстваньнямі пра рост вытворчасьці ды павышэньне
заробку і пэнсіяў.
“Камуфляваць” гучыць па-беларуску – чуеце! – амаль як мухляваць.
Анатоль Вярцінскі