З лаціны - colonia - сельбішча, пасяленьне.
Слова шматзначнае. Гэта - і супольнасьць птушак і жывёлаў, і сукупнасьць
грамадзянаў якой-небудзь дзяржавы ў іншай краіне, гэта і краіны пад уладаю
чужой дзяржавы, мэтраполіі.
У калёніях птушак і жывёлаў дзейнічае закон сілы і парадку, натуральны
адбор, суладьдзе з прыродай. У людзей, як заўсёды, усё болей вытанчана
ў сваёй жорсткасьці ды вонкава прыхавана. І розныя папраўчыя, жаночыя
ды дзіцячыя працоўныя калёніі трываюцца на прымусе, на падаўленьні
волі асобы.
У савецкай імпэрыі калёніі называліся сацыялістычнымі рэспублікамі.
На Беларусі ў свой час спрыялі прагрэсу каляністы, асабліва зь Нямеччыны.
Яны ставілі элеватары, млыны, лесапільні, будавалі камяніцы. Калёніі
гэтыя вылучаліся высокай культурай земляробства, рознай вытворчасьці і
рамёстваў. Багата на нашых землях было і пасяленцаў-калёніяў латышоў.
І ў гады рэпрэсыяў як ня ўсе каляністы былі сасланыя ў Сібір,
раскулачаныя. Адно назовы вёсак нагадваюць яшчэ пра каляністаў,
руплівых ды кемлівых гаспадароў.
Слова калёнія паступова сыходзіць з актыўнага ўжытку у размытых
сваіх значэньнях. Хіба толькі застаецца ў асноўным, як азначэньне месца
адбываньня пакараньня.
Рыгор Барадулін.