Ва ўсім слоўніку сьвятаў, якія называюцца сёньняшнім нашым словам, само
гэтае слова - Каляды - самае нерэлігійнае, самае народнае, амаль нехрысьціянскае.
Яно й ня дзіва - бо слова Каляды вядзе радавод ад рымскіх "календаў" -
вясёлых паганскіх сьвятаў на пачатку кожнага месяца.
Таму розныя цэрквы нашыя наагул спрабуюць яго пазьбягаць - яны кажуць
Нараджэньне Хрыстова, Ражаство, Раздво, Раство.
Слова Каляды ёсьць бадай што ва ўсіх славянскіх мовах, але значыць яно
там пераважна толькі вясёлую й забаўную частку сьвята - звычай калядаваньня
і самыя песьні, што пры гэтым сьпяваюцца. Затое літоўскі назоў "каледос", запазычаны ў беларусаў, захоўвае
ў нашых суседзяў увесь багавейны арэол сьвятасьці.
А для беларусаў Каляды - лішняя нагода парадавацца. Нашы людзі
казалі: Калядкі - вясёлыя сьвяткі: бліны ды аладкі. Што яшчэ чалавеку
трэба для шчасьця?
Сяргей Шупа, Вільня