Юбілей альбо гадавіны, угодкі, урачыстасьці з нагоды пэўнае круглае
даты чалавека, дзеяча, дзяржавы, установы. Юбілей Францішка Скарыны,
Кастуся Каліноўскага, паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, Слуцкага
Збройнага Чыну, БНР, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Васіля Быкава.
На нулях юбілею як на тых колах едзе воз гісторыі ў вячніну.
Юбілей асабліва даспадобы прыйшоўся камуністам. Усё было юбілейнае:
пачынаючы ад адзначэньня кожных пяці гадоў кастрычніцкага перавароту і
сканчаючы Юбілейнай каўбасой, Юбілейным півам, юбілейнымі
мэдалямі, якімі абвешвалі вэтэранаў як старцоў торбамі.
Са старажытнарымскай імпэратарскай пампэзнасьцю ладзіліся юбілеі
гэнсекаў, членаў палітбюро, сакратароў ЦК рэспублікаў, дазволеных Масквой,
і блішчэлі партыйныя юбіляры на чырвонасуконных сцэнах у прэзыдыюмах як
бліны тыя, шчодра намазаныя здорам.
Мястэчкі і вёскі з прыгожымі спаконнымі назовамі рабіліся Юбілейнымі
пасёлкамі. У Менску быў Юбілейны рынка, Юбілейная плошча,
Юбілейная гасьцініца.
Чаму так багата ўсяго юбілейнага было ў камуністаў? А вельмі
проста: гэнсекі і проста члены палітбюро ці ЦК рэспублікаў мяняліся як
варта ля маўзалея неўміручага Леніна. Каго аб’яўлялі ворагам народа, каго
агентам заходніх выведак, каго валюнтарыстам, а да юбілею кожнага
новага часовага можна было рапартаваць, што гэта менавіта ў ягоны гонар
названыя каўбаса ці каньяк, плошча ці цэлы рынак – адно рапартуй.
Дасюль у Менску ды ў іншых гарадох і мястэчках вісяць на сьценах адміністрацыйных
будынінаў шматпудовыя чыгунныя юбілейныя граматы ЦК КПСС, ЦК КПБ,
кішаньковых прафсаюзаў.
Калі зірнуць у даўніну, дык “юбілей” даслоўна “юбілейны
год”, гэта значыць год адпушчэньня і вызваленьня, кожны пяцідзесяты год.
Бальшавіцкі рэжым зьбіраўся быць вечным, і вызваленьне з-пад яго, асабліва
ў нас, яшчэ дужа далёкае. На жаль, рана казаць “вечная яму памяць”. У нас
па-ранейшаму афіцыйна асьвяточненыя юбілеі ад кастрычніцкага перавароту
да дня чэкіста.
Юбілей добра рыфмуецца са словам ялей-алей. Не прасох яшчэ той
ялей у гонар бальшавіцкіх паханаў, а падліваецца новы, настальгічны. Сьвежы
яшчэ алей на палотнах прыцыкаваных мастакоў, а пэндзалі ўжо гатовыя чакаць
новых заказаў.
Можа хоць у ХХІ стагодзьдзі будзем мы адзначаць юбілеі і Аршанскае
бітвы, і юбілеі Сапегі, юбілеі сапраўднай незалежнасьці дзяржавы
Беларусь пад бел-чырвона-белым сьцягам ды зь несупыннай Пагоняю.
Рыгор Барадулін