Нельга даслухаць да канца, нельга выключыць, бо гэта заўсёды толькі
пачатак, працяг гучыць у табе. Ня можа надакучыць, бо не прэтэндуе на ўвагу.
Як бы нехта сказаў: ня хочаш, ня слухай. Выкананьне джазу – нібы
птушыны сьпеў – яго дастаткова самому сабе, галоўнае гучаць, а ня тое,
каб нехта слухаў.
Джаз не патрабуе ад слухача акадэмічнай наструненасьці, як клясыка,
або рок-н-рольнай разьвязанасьці. Пад яго добра весьці машыну ў далёкі
горад або весьці нясьпешную гутарку зь сябрам.
Ніводная ідэалёгія ня можа паставіць яго сабе на службу, бо ён са сваімі
сынкопамі-збоямі ўжо паводле вызначэньня “няправільны” і абвяргае канон.
Таму ідэалёгія заўсёды помсьціла джазу, называючы яго то “музыкай
тоўстых”, то музыкай здраднікаў: “Сегодня он играет джаз, а завтра
родину продаст”.
Джаз – музыка ХХ ст., што атрымала сваю назву ад імя канкрэтнага
чарнаскурага музыкі Чарльза. З таго часу джаз стаў велізарным культурным
мацерыком з сваімі клясычнымі мэлёдыямі і культавымі творцамі. У Беларусі
джаз не разьвіўся, бо ня мог зрабіць гэта ў жорсткіх рамках таталітарнага
быту. Але гэта ня значыць, што ў нас ня граюць і ня любяць джаз.
... Ён бярэ саксафон або сядае да фартэпіяна, наігрывае знаёмую мэлёдыю,
і зараз жа адрываецца ад яе, выходзіць у космас імправізацыі. Толькі зрэдку,
штрышком-паўнамёкам ён дае зразумець, што гэта ўсё яшчэ “Караван” Элінгтона,
або, калі хочаце, беларуская “Купалінка”.
Джаз – музыка свабоды.
Сяргей Дубавец