Вялікую важнасьць воргану, які забясьпечвае перажоўваньне ежы, глытаньне
і смактаньне, адчуваеш яшчэ ў маленстве. Як толькі малое выказвае каму-небудзь
сваю дзіцячую крыўду або насьмешку, яно зараз жа чуе: "Не паказвай язык!"
"Схавай язык!" - кажуць спачатку бацькі, пасьля выхаваўцы ў дзіцячым
садку.
Пасталеўшы, разумееш, што значыць "не казаць абы чаго", "трымаць язык
за зубамі". Твайго дзеда саслалі пасьля суседзкага даносу. А бабуля дзівілася
і ўвесь час паўтарала: "І хто гэта Васіля за язык цягнуў!" - маючы на ўвазе
дзедавага суседа. Вяскоўцы казалі, што ён ня проста прагаварыўся, а быў
як зьмяя і здаў дзеда сьвядома. Цікава, ці ня быў ягоны язык раздвоены,
як у зьмяі? - думалі вясковыя дзеці. Сваякі ж суседа Васіля, які
памёр толькі у 80-х, годна баранілі свайго прашчура і сьцьвярджалі, што
ўсе плёткі й паклёп на вёсцы нясуць "злыя языкі".
Пачаткам кар'еры для нашых дзядоў мог стаць і эпізод вайны, калі разьведчыку
пашасьціла "ўзяць языка". "Языком" называлі палоннага жаўнера арміі непрыяцеля,
які мусіў распавесьці "важную інфармацыю". Разьведчыку давалі мэдаль.
А канцом кар'еры іншы раз ставаў эпізод мірнага часу, калі інтэлігенцыя,
што марыла пра вольную Беларусь, за чаркай "разьвязвала язык". У "курылках"
навукова-дасьледчых інстытутаў і іншых установаў, дзе "змагары" маглі абмяняцца
думкамі, пры набліжэньні каго непажаданага ўсе "прыкусвалі, закусвалі,
глыталі" свае языкі. І ня дай Бог нешта "сарвецца з твайго языка".
Калі ў малога шчаняці пашча пад языком чорная, пра такога кажуць, што
будзе злым сабакам. "Чорна ў роце" - гэта пра беларуса, які цураецца сваёй
мовы.
Андрэй Лапцёнак