“Ap ovo” – лацінскі выраз, якія заклікае пачаць спачатку, даслоўна перакладаецца
“зь яйка”.
Яйка можа быць качынае, індычынае, перапялінае ці стравусінае,
але беларускае яйка, перадусім – курынае. Вось чаму, асаджаючы наравістага
маладзёна, старэйшы скажа: “Яйка курыцу вучыць…”
А яшчэ яйкі бываюць велікодныя. Расфарбаваныя ў розныя колеры,
іх качаюць на ручніку і б’юцца – чыё крапчэйшае?
Яйкі займаюць адно зь першых месцаў у рацыёне беларуса. Іх п’юць
сырымі, вараць, смажаць, іх дадаюць у безьліч страваў.
Зь недалёкае гісторыі мінулае вайны кожны з нас ведае словы акупанта,
што ўвальваецца ў вясковую хату:
– Матка, яйка. – Патрабуе ён, пагражаючы аўтаматам.
Не разумею толькі, чаму гэтыя зусім беларускія словы прыпісваюць немцам.
Прынамсі, не яны гэта прыдумалі. А ў каго навучыліся? Хто цяпер ведае,
можа ў паліцаяў, а можа й у савецкіх партызанаў, якія таксама жывіліся
па вёсках без асаблівых цырымоніяў.
Расейскае “яйцы” беларускае вуха ўспрымае як лаянкавае слова, што абазначае
мужчынскія генеталіі. Вось чаму так сьмешна было чуць з вуснаў Лукашэнкі,
які абураўся дэфіцытам то яек, то малака: “Схапіўся за яйцы – малако прапала”.
На Каляды абавязкова пакладзіце ў мех калядоўнікам тры яйкі –
сымбаль новага тысячагодзьдзя.
Сяргей Дубавец