Інтэрнэт

Інтэрнэт - слова ХХ стагоддьдзя? Само гэтае цьверджаньне выклікае лёгкі недавер. І сапраўды, пішучы пра гэтае слова, ня трэба корпацца ў этымалягічных, тлумачальных ды іншых слоўніках беларускай мовы. Упэўнена можна сказаць, што слова Інтэрнэт няма ні ў водным беларускім слоўніку. Зрэшты, яго пакуль што няма нават у большасьці англамоўных слоўнікаў.

Між тым, паходжаньне слова даволі простае й відавочнае: тэрмін "Інтэрнэт" нарадзіўся ў выніку абразаньня двух словаў "International network", што празаічна перакладаецца як міжнародная сетка.

Хоць сама лексэма яшчэ не зафіксаваная ў слоўніках, ад яе ўжо пасьпелі зьявіцца некаторыя дэрываты: інтэрнэтчык, інтэрнэтаўскі, інтэрнэція.

Ёсьць нават скарачэньне - Інэт, якое я, напрыклад, лічу вельмі няўдалым і немілагучным.

Сама зьява інтэрнэту, аднак, зайздросна й рашуча абагнала сваё моўнае адлюстраваньне. Пра інтэрнэт чулі, безумоўна, ўсе, але большасьць ня ведае, што гэта такое. Я, напрыклад, ледзь прыхоўваю ўсьмешку, калі сваякі альбо знаёмыя, прыходзячы на маё працоўнае месца, пытаюцца: "Ну пакажы, дзе ў цябе Інтэрнэт ляжыць?" альбо так: "А ў якой краме гэты інтэрнэт прадаецца?"

І тут няма чаму зьдзіўляцца, паколькі Інтэрнэт на сёньня ў Беларусі - зьява пераважна маладзёвая. Сярод удзельнікаў чатаў альбо дыскусіўных клюбаў на Інтэрнэце рэдка ўбачыш асобу старэйшую за 30 гадоў. Інтэрнэт дае адчуваньне вечнасьці, свабоды і ўсеахопнасьці - гэтую маю нататку можа прачытаць любы жыхар Зямлі, у якога ёсьць кампутар. Гэта, скажам так, абнадзейвае і грэе.

Так што, безумоўна, Інтэрнэт - слова наступнага, XXI стагодзьдзя. Думаю, праз сто гадоў на Зямлі не застанецца слоўніка, у якім ня будзе падрабязнага тлумачэньня паняцьця Інтэрнэт.

Віталь Цыганкоў