Іголка.

Часам пачынае здавацца, што што іголка - гэта прыручаная бліскавіца. Чалавек глядзеў-глядзеў, як навальніца намагаецца, зшыў сабе нейкую апранатку зь цёмных хмараў, нярвова ламаючы іголкі бліскавіцаў, ды і вырашыў сам паспрабаваць заняцца швівам, каб быць апранутым, што называецца, "зь іголачкі".

Іголка абшывае чалавека, І пялюшкі, і сарочку, якую вясельле зазнаходзіць. Шые іголка і саван таксама.

Дарэмна шукаць іголку ў стозе.

Як нітка за іголкай, ідзе за чалавекам вернасьць.

Як на іголках, пачуваецца нецярпеньне.

Сасна зшывае лясную цішыню сваімі зялёнымі іголкамі.

Вожык увесь у іголках, як у маленькіх дзідах - імі бароніць сваю безабароннасьць.

Калі дзяўчына і маладзіца прыжывае гузік свайму нарачонаму ці сужанаму - як бы прышывае яго да сябе.

Прыручаная бліскавіца працы не баіцца.

Рыгор Барадулін