Ідалы – гэта каменныя, драўляныя або мэталёвыя выявы паганскіх
багоў. У беларускіх гаворках да слова ідал існуе цэлы ланцужок сынонімаў.
Стод, балван, кумір, ёлуп.
Ідалы-стоды стаялі на капішчах і былі аб’ектам пакланеньня. Кожны
ўвасаюляў нейкае божышча ды вымагаў ахвяраў.
Найвядомейшы са старажытных беларускіх ідалаў – шклоўскі, – добра
знаёмы любому школьніку з падручніка гісторыі.
Энцыкляпэдыі паведамляюць, што пасьля прыняцьця Хрысьціянства, ідалаў
прыстасоўвалі да патрэбаў новае рэлігіі, выбіваючы на іх крыжы.
Пра тое, што ідалы спатрэбіліся і тады, калі бальшавікі пачалі
вайну з рэлігіяй, энцыкляпэдыі сарамліва маўчаць. Большасьць ідалаў
таго часу пасьпяхова дажыла да нашых дзён. Галоўны ідал – лысы,
з вусамі і невялікай бародкай, зазвычай стаіць на цэнтральным пляцы гораду
ці мястэчка і паказвае рукою на гайню бяздомных сабакаў ці на віна-гарэлачную
краму. Разы два на год ідалу прыносяць чырвоныя кветкі, якія, відаць,
мусяць нагадваць пра часы, калі ахвяры былі непараўнальна шчадрэйшыя, вымяраліся
мільёнамі чалавечых жыцьцяў.
Уладзімер Арлоў, Менск