Што я беларусаў ня ведаю? Беларус альбо працуе альбо п’е гарэлку. Калі
вып’е – можа і пазабаўляцца. Але каб сьвядомы беларус не працаваў, а гуляўся
ў гульні – такога, лічы, не бывае.
Беларус здатны прыдумаць кола, сякеру, млын. Але выдумаць шахматы ці
футбол, не раўнуючы ўжо – бег прусакоў навыперадкі, яму б, нават, і да
галавы не прыйшло.
Бадай, мы маем толькі адну нацыянальную гульню – хованкі. Мы
спрадвеку тым і бавіліся, што хаваліся ад розных прыхадняў. Калі не ў лясох,
дык у саміх сабе. І ўрэшце так пахаваліся, што калі сталася магчымым выйсьці
на людзі, то ніяк самі сябе не пазнаходзім.
Пэўна, беларус ад прыроды няздольны да хоць якой умоўнай гульні,
тым болей і да палітычнай гульні ў беларускую дзяржаву.
Усялякая дзяржава – гэта гульня ў правы і абавязкі паміж уладай
і грамадзянамі. А беларусы замест таго, каб ствараць свае каманды і
гуляць з уладай у беларускую дзяржаву, звыкла хаваюцца за фіранкамі.
Гэтак дасюль не ва ўласным доме, але як бы ў прымах жывуць. Раскіданыя
па ўсім сьвеце гэбраі праз дзьве тысячы гадоў выгнаньня стварылі нацыянальную
дзяржаву таму, што ўсе гэтыя дзьве тысячы гадоў гулялі ў сваю
гульню па правілах, выкладзеных у Бібліі і пад наглядам судзьдзі, якога
называлі Богам.
Але беларусы, як вядома, не гэбраі. Беларусы залішне сур’ёзна ставяцца
да жыцьця, каб гуляцца ў жыцьцё. І гэта, пэўна, таксама няблага.
Толькі, як сьведчыць гістарычны досьвед, калі ты ня ўмееш забаўляцца
сам, то табою забаўляюцца іншыя.
Валянцін Акудовіч