"Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай", - сьпявалі у 20-30-ых
гадох нашага стагодзьдзя свой партыйны гімн Беларускія эсэры.
А яшчэ раней - напрыканцы XIX стагодзьдзя назву "Гоман" мела
Беларуская народніцкая суполка, якая ўтварылася зь Беларускіх студэнтаў
у Пецярбургу. Суполка выдавала часопіс "Гоман", як частка
рэвалюцыйнага руху народаў імпэрыі, імкнулася ў гэтым руху стварыць аўтаномную
Беларускую фракцыю.
Апрача часопіса "Гоман" у 1916-18 гадох мелі Беларусы і газэту
з такой самай назвай. Яна выдавалася ў Вільні і двойчы на тыдзень
кірылкай і лацінкай заклікала наш народ да яднаньня, утварэньня незалежнай
Беларускай рэспублікі, апавядала пра гісторыю, інфармавала.
Гоман, Гамонка, Гамана, Гаманіць.
Крычаць, Гамоняць, а ня ведаюць дзе звоняць. Гаманілі,
Гаманілі, дагаманіліся - зманілі. І наадварот - угаманіцца,
угаманіць, угамоньваць, угамон. Угамону
няма - кажуць пра таго, каго няможна стрымаць ці супакоіць.
Савецкія слоўнікі тлумачылі слова Гоман як бязладны шум, мноства
галасоў, ці - у пераносным значэньні - спалучэньне прыродных гукаў.
Гэткім чынам чалавек мусіў разумець назвы ўжо памянёных пэрыёдыкаў "Гоман"
як бязладнасьць і шматгалосьсе. Наўрад ці ў гэтым ёсьць чалавечая
лёгіка.
Кропкі над І ставіць Янка Станкевіч, які ў сваім слоўніку выразна акрэсьлівае:
Гоман - жывая, у тым ліку й гучная гаворка.
У іншых славянскіх мовах слова Гоман гучыць амаль гэтаксама як
і ў Беларускай - украінскае -- Гомін, чэскае Homon, польскае
Gomon. Паводле паходжаньня яно зьвязанае з усходнеславянскім
gomъ, gamъ - "шум, галас". У іншых эўрапейскіх мовах
крэўныя нашага Гоману - старажытнаісьляндзкае gaman - радасьць,
весялосьць і ангельскае - game - гульня.
Сяржук Сокалаў-Воюш