Напрыканцы 70 – пачатку 80-х гадоў, калі ў інстытуце гісторыі партыі
рыхтавалі чарговае выданьне твораў Леніна па-беларуску, перакладчыкі сталі
перад праблемай – як перакласьці словы “керосиновая” і “газовая” прамысловасьць,
калі “керосин” па-беларуску – газа.
Праблему вырашыў адзін малады філёляг, які бяз доўгага роздуму сказаў:
газавая прамысловасьць і газная. Вось жа газавая і была
той, якая датычыла газы – роднай маці слова газоўка.
Газоўка, газьніца, газьнічка – самаробная газавая
лямпа бяз шкла. Зробленая з бляшанкі, яна асьвятляла беларускія хаты, зь
гільзы – партызанскія зямлянкі і сховы зялёнадубаўцаў – антысавецкіх партызанаў-змагароў
за Беларускую справу.
Сынонімы да газоўкі: кураўка, капцілка, каганец.
Зь дзяцінства памятаю як на зьмену газавай лямпе са шклом прыйшла
электрычнасьць, і людзі павыкідалі лямпы. Але неўзабаве высьветлілася,
што новы для вёскі гатунак энэргіі – справа ненадзейная. Вецер блытаў і
замыкаў драты, чамусьці почасту перагараў трансфарматар. І тады вяскоўцы
вярталіся да газовак. Гэтым разам яны ўяўлялі сабой сподачак, у
які наліваўся алей і ўкладаўся ніцяны кнот. Ад газы тут была толькі
назва – газоўка.
Напрыканцы стагодзьдзя газоўкі перасталі ўжывацца нават у курных
лазьнях. Заместа іх, у разе патрэбы, людзі карыстаюцца сьвечкамі.
Бывай, газоўка!
Сяржук Сокалаў-Воюш