Слова хата фіксуецца толькі ў трох мовах - беларускай, украінскай
і польскай. Ягоная дарога да нас была вельмі даўгая і таямнічая -
дасьледнікі выводзяць ягонае паходжаньне з старажытнавугорскай мовы, куды
яно трапіла з мовы авэстыйскай.
Аднак сярод беларусаў слова хата прыжылося і зрабілася адным з самых
родных і дарагіх. Хата - нешта цёплае, роднае, блізкае і зразумелае,
у адрозьненьне ад халодных абстракцыяў кшталту «народ», «дзяржава», «айчына».
Свая хатка як родная матка. Як у сваёй хатцы - кажа беларус пра
месца, дзе адчувае сябе добра і ўтульна.
З хаты пачынаецца гаспадарка і гаспадар. Хата -
галоўны асяродак існаваньня, прастора назапашваньня жыцьцёвых скарбаў.
Хата - гэта канкрэтны пункт лучнасьці чалавека зь зямлёю. Хата бароніць
ад сьвету, ад прыродных і чалавечых стыхіяў, аднак часам гаспадар мусіць
ісьці ў сьвет, каб бараніць сваю хату і тое, што ў ёй.
Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя сялянская хата была пераважным
тыпам жытла беларусаў. З прыходам урбанізацыі беларусы паперасяляліся
ў дамы, кватэры, камуналкі, хрушчоўкі. Аднак мінуў час, і слова хата
перабралося за беларусамі ў горад. Гэтак сёньня - нават калі
гавораць па-расейску - называюць любое сваё жытло.
У хаце родзяцца і гадуюцца дзеці, у хаце кахаюцца, жывуць і паміраюць.
У хаце прымаюць гасьцей - і частуюць іх чым хата багата. З
хаты чалавек сыходзіць у сьвет - каб зноў і зноў вяртацца.
Дахаты.
Сяргей Шупа