Гарбата як напой мае за сабою блізу трохтысячагадовую гісторыю.
Пачалося ўсё ў Кітаі. Зь вечназялёных гарбатных дрэваў зьбіралі
верхавінкі лісткоў. Лісткі пасьля апрацоўвалі, а тады настойвалі на іх
напой – гарбату. Здавён ведалі, што гарбата танізуе. Ужывалі
яе ўсё часьцей, і так ператварылася ў нярэдкіх народаў піцьцё гарбаты
ў рытуал.
У Беларусі яе пілі зь сямнаццатага стагодзьдзя. Ішла да нас гарбата
як з Эўропы, так і праз Расею з Азіі. Таму й прыжыліся адначасна ў нашай
мове два назовы – гарбата й чай. Першы зь іх – паходжаньнем з Галяндыі.
Адтуль якраз шырыўся па Эўропе ўсходні напой.
У слове гарбата дзьве часткі: лацінскі назоў расьліны “гэрба”,
ды частка “та”, якая ад “тэ”, паўднёва-кітайскага назову гарбаты.
А вось з паўночна-кітайскага “ча” вядзе свае вытокі другі, а для каго й
першы наш назоў – чай.
У першай траціне дваццатага стагодзьдзя ў маладой беларускай літаратурнай
мове культывавалі ў асноўным гарбату. У купалавай “Паўлінцы,” да
прыкладу, пьюць ўсё гарбату, ня чай. Максім Гарэцкі, між іншым,
нават упікаў ў дваццатых гадох Міхасю Лынькову, што той піша ў сваіх творах
“чай” замест літаратурнага “гарбата”. Пасьля, праўда, арыянтыры зьмяніліся,
і чай ледзь не напоўніцу выцясніў гарбату.
У Беларусі чаявалі, ведалі пра дасягненьні савецкага чаяводзтва, але
ймкнуліся пры гэтым набыць усё ж імпартаванага чаю, які ў продажы называўся
індыйскім або цэйлёнскім. Калі-нікалі можна было нат' зайсьці ў “Чайную”.
З эканамічных і сацыяльных прычынаў чай там быў далёка не наймацнейшым
напоем.
Пад канец стагодзьдзя поруч чаю ў Беларусі зноў аджыла гарбата.
Выбар паболеў, ды й смакі цяпер на розныя густы. Праўда, няма ўжо а ні
“Чайных,” а ні “Гарбатняў”.
На адной гарбаце, як ведама, далёка не заедзеш. Як кажуць ў нас,
“што кажух – то ня вата, што капуста – то не гарбата”.
Юрась Бушлякоў