Футбол, як і палітыка - дзьве рэчы, у якіх разьбіраюцца ўсе без
выключэньня. Футбалістаў, як і палітыкаў, зацята крытыкуюць людзі,
якія самі ня могуць, вобразна кажучы, патрапіць па мячы. Менавіта
такія гучней за ўсіх гатовыя крычаць перад тэлевізарам: «Ты куды б'еш?»,
«Ну, што гэта за пас?» і гэтак далей.
Паходжаньне слова футбол вядомае, бадай, усім. З ангельскай
мовы - foot нага і ball мяч. Футбол, як і ў большасьці краінаў
Эўропы, быў і застаецца ў Беларусі самым масавым і папулярным відам спорту,
хоць тут у нас няма такіх выдатных посьпехаў, як, напрыклад, у гандболе,
цяжкай атлетыцы ці гімнастыцы. Дый беларускія заўзятары ніколі не
вылучаліся такой адданасьцю і фанатызмам, як грузінскія альбо кіеўскія.
Што гаварыць, калі нават у сэзоне 1982 году трыбуны сталічнага стадыёну
«Дынама» не былі запоўненыя дарэшты. Я думаю, мне ня трэба тлумачыць,
што адбылося ў сэзоне 1982 году, паколькі калі вы ня ведаеце, што ў тым
годзе менскае «Дынама» стала чэмпіёнам СССР, то з вамі проста няма пра
што гаварыць. Магчыма, гэта была самая яскравая і памятная падзея
ў гісторыі Беларусі савецкага пасьляваеннага пэрыяду.
Увогуле, праз прызму футболу можна своеасабліва прасачыць гісторыю
Беларусі апошніх гадоў. Мяркую, многім будзе забаўна даведацца, што
ў сярэдзіне 80-х міліцыянты на стадыёне адбіралі ў маладых людзей бээсэсэраўскія
сьцягі, як цяпер адбіраюць бел-чырвона-белыя. Беларуская міліцыя
ўвогуле вылучалася нейкай асабліва невытлумачальнай строгасьцю, калі не
сказаць тупасьцю. Міліцыянт мог - на стадыёне! - зрабіць заўвагу,
альбо нават затрымаць заўзятараў, якія, на ягоную думку, занадта горача
выяўлялі свае эмоцыі.
У пачатку 90-х у юных фанатаў, далёкіх ад нацыяналізму пэтэвэшнікаў
і школьнікаў, галоўным поклічам стала «Жыве Беларусь!», якое яны пачалі
скандаваць замест «Дынама Мінск». У часы незалежнасьці галоўным і
на жаль, адзінкавым зорным часам беларускага футболу можна назваць
перамогу нацыянальнай зборнай над чарадзеямі гэтай гульні галяндцамі -
адзін нуль. За апошнія ж гады, калі ў спорт стаў умешвацца галоўны хакеіст
краіны, адбываецца няспынная дэградацыя найперш клюбнага футболу.
Беларускія чэмпіёны прайграюць кіпрскім камандам, а менскае «Дынама» ледзь
ня вылецела з найвышэйшай лігі беларускага чэмпіянату. Зрэшты, як
памятаеце, я гаварыў, што кожны думае, што ён разьбіраецца ў футболе
і палітыцы...
Віталь Цыганкоў