Ніхто ня ведае – далёка яна ці блізка, дзе яна пачынаецца і дзе сканчаецца.
Ніхто ня ведае – ці яна ўвогуле ёсьць, ці гэта не чарговы міраж пад час
шматгадовага блуканьня беларусаў па пустэльні.
Як вяскоўцы раней выпраўляліся ў карчму да Абрама, так мы сёньня выпраўляемся
ў Эўропу. Усё 20 стагодзьдзе яна была прыязная альбо варожая, але, перад
усім, недасяжная, схаваная за зялезнай заслонай. Сёньня яна сьвеціць нам
як зорка Вэнэра – недзе здалёк, зь недасягальных вышыняў. Кліча ў дарогу.
Калі мы прыйдзем – мы зразумеем, што сьвяціла ніякая ня зорка, а звычайны
ліхтар з правага берагу Парыжу – з вуліцы Гравёраў. Але гэта для іх – звычайны
ліхтар. Для нас – зорка Вэнэра, залатое Руно, Эўрыдыка.
Ігар Бабкоў