Эўра – слова эўрапейскага году, але, на жаль, не беларускага стагодзьдзя
– хоць магло быць іначай.
Якога роду эўра – жаночага, мужчынскага ці ніякага?
Канчатак "-а" ёсьць прыкметай жаночага роду. Папярэдні тэрмін,
які прайграў эўра – экю – перакладаўся як "эўрапейская грашовая адзінка".
Эўра – таксама грашовая адзінка, гавораць прыхільнікі жаночага роду і дадаюць
ускосныя аргумэнты: марка жаночага роду, апроч таго ў банках і біржах у
канцы стагодзьдзя стала намнога больш брокераў і дылераў у спадніцах –
ідзе фэмінізацыя фінансавай сфэры і эўра павінна быць жаночага роду.
Другі пункт гледжаньня – эўра больш чымся проста грошы, і таму найлепшы
тут ніякі род, нэўтральнае паняцьце, якое ўсім у Эўропе сьвеціць аднолькава
як сонца. Праўда, няясна, што тады рабіць тым мовам, дзе няма ніякага
роду, як напрыклад, латыскай.
Прыхільнікі мужчынскага роду спасылаюцца на Нямеччыну, якая больш за
ўсіх зрабіла для ўвядзеньня новай грашовай адзінкі. Немцы кажуць
Der Euro – ён, мужчынскі род, як і ва ўсякай цьвёрдай валюты кшталту даляра,
фунта, франка. Патрыярхальную ідылію псуе хіба рубель.
Першыя дні актыўнага ўжываньня эўра далі такі вынік: па- расейску гавораць
адзін эўра, па-украінску – адна эўра, па- польску, па-чэску й па-славацку
– адно эўра.
Стыхія беларускай мовы дапускае ўсе тры варыянты. Але мы маем
прэцэдэнт – эскуда. Гэтая партугальская грашовая адзінка ўжываецца ў беларускай
мове ў мужчынскім родзе: адзін эскуда.
Пакуль мы гаворым "адзін эўра" – моўная практыка вызначыць канчатковы
адказ на пытаньне, якога роду эўра па-беларуску. Дарэчы, наша мова
таксама вызначыць, ці стане эўра беларускай валютай – калі гэта будзе сапраўды
беларуская краіна, то эўра безумоўна стане і беларускай валютай, а Беларусь
– эўрапейскай краінай.
Аляксандар Лукашук