Электрычка

Цяпер баранавіцкія электрычкі наскрозь прапахліся клубніцамі. У Менск цёткі вязуць завязаныя бялюткімі марлямі кашы, назад — сьвежы хлеб.

Электрычка — сымбаль і сродак абмену месцамі. Электрычкай пераліваюцца, перацякаюць, перапампоўваюцца самыя вялікія масы людзей і рэчаў — з аднаго асяродзьдзя ў другое — з правінцыйнай стыхіі у сталічную, гарадзкую. З паветра і прасторы — у тлум і цывілізацыю. І наадварот.

Электрычка — ня проста цягнік, далучаны да электрычнасьці. Гэта вагоны абкатаныя і абжытыя, дзе дарога складаецца з вольнага і нявольнага выбару — глядзець у вакно, чытаць, слухаць, есьці, спаць, гуляць у карты, купіць газэту ці марожанае, даць ці ня даць міласьціну...

Калі вы едзеце з адплюшчанымі вачыма, то электрычка перад вамі — і як вялізны групавы партрэт, і як краявід.

Гук электрычкі звычайна супакойвае. Голас нябачнага кіроўцы зьнітоўвае словы, парадак якіх на ўсё жыццё завучваецца як пацеры: Фаніпаль, Бярэжа, Станькава, Койданава.

Алена Ціхановіч