Ад самае восені пасьля дакопкаў кабеты хадзілі адна да адной у хаты
й заўзята перамалёўвалі на вялізныя палотны паперы мудрагелістыя ўзоры.
Гэтак задумваліся дываны.
Дываны расквечвалі жыцьцё ад народзінаў да праводзінаў. Дываны
ў ромбікі, квадрацікі, вянкі, вясёлкі й птушкі -- маляўнічыя сьведкі гісторыі,
праява нацыянальнага сьветагляду.
Пэрсідзкае слова дыван прыжылося ў нас, прынаравілася й пачувалася
ня меней пашанотна, чым у Турцыі, дзе дываном звалася раней рада
саноўнікаў пры султане. Ня горай, чым увогуле ва ўсходнім сьвеце, дзе дываны
-- і зборнікі лірычных вершаў, і ўрадавыя ўстановы.
Але пасьля... Пасьля ў гасподах зьявіліся замест канапаў "дзіваны",
бо гэтак зрабілася модна называць лежбішчы для мужчыны з газэты. Пасьля
рынуўся народ натоўпам ў сьпісы й чэргі, каб здабыць дыван -- "кавёр" --
на сьцены й на дол, бо тое ж было знакам заможнасьці! "Жыву ня горш за
суседа!"
А старое ласкавае слова дыван не пазнавала самога сябе, забывалася,
што на самрэч яно азначае. Тканыя прабабулямі гордыя дываны, што зьберагалі
магію ўлады ў шыфрах-узорах, перасяліліся на гарышчы, у цёмныя прыпечкі,
нямыя каморы.
Цяпер у краіне раскашавалі "каўры" і "дзіван". Бабуля мая, калі ўрачыста
ўнесьлі ў пакой канапу, абвясьціўшы яе "дзіванам", заўпарцілася аддаваць
дарагое слова, стала кпліва прыгаворваць: "ой то ўжо выгода -- на Йвана
сяду, на Сідара ўглядацца буду". "Сідарам" яна празвала скрынку-тэлевізар,
у Івана перахрысьціла "дзіван".
Згадваю ейнае абурэньне й высновы. Праўду казала. На іванах пакорліва
сядзім, на падманных сідараў углядаемся.
Антаніна Хатэнка