Ці не ва ўсіх славянскіх мовах слова душа гучыць падобна, бо паходзіць з праславянскага душа, утворанага ад слова дух.
Шэсьць тлумачэньняў, а таксама 50 выразаў на слова душа падае Тлумачальны 5-тамовік беларускай мовы. У тлумачэньнях — абавязковыя проціпастаўленьні ў навуковым і антынавуковым разуменьні, у рэлігійным і атэістычным. Паводле савецкіх энцыкляпэдыяў, душа — гэта тое, чаго няма.
Кажуць, што сюжэт «Мёртвых душаў» Гогаль адшукаў у Беларусі і вынес яго на сьвет цэлы. Ад таго часу і жывыя беларускія душы ў пошуку свайго месца пад сонцам церпяць пакуты. Таму душа беларуса часам пачынае дваіцца, што ўжо ў нашым стагодзьдзі заўважыў Максім Гарэцкі і напісаў «Дзьве душы».
Сказаць з адкрытай душой што на душы маеш і па чым яна, гэтая самая душа, баліць — няпроста. Пагатоў, што ў адрозьненьне ад суседзяў душа беларуса — закрытая. Залезьці ў душу хацелі б многія, ды доступ туды — толькі для нямногіх абраных. Таму, хто прыйшоўся да душы, даруюцца хібы, пралікі, а часам нават і здрада. І ўсё ж ХХ стагодзьдзе спарадзіла ў дачыненьнях паміж людзьмі столькі бяздушнасьці, колькі наўрад ці было раней. На тых, хто верыў або меў душу, знайшліся душагубы ў выглядзе чэкістаў і іхных наступнікаў.
У часе апошняй вайны фашысты для зьнішчэньня людзей пры дапамозе выхлапных газаў ужывалі адмысловыя машыны — душагубкі.
Праз усё існаваньне савецкай улады зьнішчаліся душы бязьвінных. У той самы час справаздачы пра посьпехі сацыялістычнай гаспадаркі крычалі пра эканамічныя дасягненьні ў разьліку на душу насельніцтва. Зразумела, што душы гэтых рэчаў ніколі ня мелі, затое яны мелі кулі, пра якія ніколі не паведамлялася, і колькі іх было зроблена на кожную душу — ніхто ня ведае.
А паколькі душы — паводле савецкіх уяўленьняў — няма, то ёй нічога і не належала.
Сяржук Сокалаў-Воюш