На пытаньне: хто ты? беларускі апазыянэр сьціпла адкажа: дэмакрат. На
пытаньне - хто ёсьць прычынай жабрацтва насельніцтва, вялікая частка апошняга,
грэбліва названая дэмакратамі электаратам, упэўнена й адкажа - дэмакрат.
У палітычных дэбатах каля гарадзкіх пад'ездаў і на вясковых лаўках беларускі
люд чахвосьціць хвалёную заходнюю дэмакратыю, якая навязвае братам па славянскай
крыві свае, прымітыўныя як гамбургер, дэмакратычныя стандарты. А таксама
корміць тутэйшага дэмакрата, адзінай работай якога - ладзіць пэрфомэнсы
каля менскага опэрнага тэатру ці дыскрэдытаваць палітыку дэмакратычна абранага
першага прэзыдэнта Беларусі ў якім-небудзь Страсбургу.
Чаму на постсавецкай прасторы так ня любяць дэмакратаў? Таму што апроч
"прыхільніка дэмакратыі" для савецкага чалавека дэмакрат быў яшчэ "чальцом
буржуазнай дэмакратычнай партыі". У гэтым азначэньні тлумачальнага слоўніка
слова "дэмакратычнай" дакладна саступае па экспрэсіі слову "буржуазнай".
Да таго ж першыя пазытыўныя дэмакраты хутка станавіліся злодзеямі - дэмакрат
Гарбачоў разваліў краіну, Шушкевіч яму дапамагаў, а таксама будаваў лецішча
маладэмакратычным шляхам - нібыта краў цьвікі. Калі ж слова дэмакрат вымаўляецца
невыразна, прыглушана ці сьцяўшы зубы, адразу адчуваецца перадсьмяротная
артыкуляцыя камунізму.
Цяпер сярод беларусаў ёсьць нацыянальны дэмакрат, хрысьціянскі дэмакрат,
сацыяльны дэмакрат і лібэральны дэмакрат. Усе абсалютна розныя. Спароджаныя
адной кволай дэмакратыяй, таму павязаныя адной мэтай -
хутчэй гэтую дэмакратыю аднавіць.
Вольга Караткевіч