Апошнія барозны. Поўныя мяхі. Пот і стома. Павуціньне і залатое лісьце.
Дакопкі.
Дакопкі, як адлёт журавоў, азначае істотную зьмену краявіду – па дакопках
з палёў, разараных прыдарожных палосак, лапікаў-сотак зьнікаюць сагнутыя
постаці. Узьнёслым стылем такая праца называецца – пакланіцца зямлі, а
простая цётка скажа: цэлае лета над гэтай бульбай рачкавала. Мала дзе ў
сьвеце на зломе тысячагодзьдзяў выжываньне чалавека застаецца нагэтулькі
залежным ад яго ўласных аграрных высілкаў.
Выкапаная бульба – пражыты год. Поўны склеп – сытая зіма. Ураджай мераецца
ня толькі мяхамі, але якасьцю: буйная ці дробная, каросьлівая ці чыстая…
Яшчэ больш парамэтраў выяўляюцца на стале: сопкая ці мыльная, жоўтая ці
белая, свойская ці “кабанская”. Так апрабоўваюцца дзясяткі новых гатункаў,
якія прыйшлі на беларускія палі: “тэмп”, “сантэ”, “ласунак”, “адрэта”,
“аганёк”, “велікан”, “верас”, “траскуха”…
Дакопкі, як і дажынкі, знаёмыя і калгаснаму полю. Толькі дажынкам было
суджана стаць дзяржаўным сьвятам, а дакопкі застаюцца нечым прыватным,
сямейным.
Дакопкі – ня фэст, а факт: на гэты год – з бульбай. І так – з году ў
год, стагодзьдзе за стагодзьдзем.
Алена Ціхановіч