Чалавек

Чалавекчало і век – асобіна, што мае чало – мае свой, адметны воблік і мае сваё месца ў часе і гісторыі.

Праўда, чалом можна па-рознаму распарадзіцца. Яго асьветленай думкай можна высока з гонарам несьці і можна біць чалом – гэта значыць нешта ў некага пакорліва выпрошваць, нізка кланяцца з просьбай да каго-небудзь узяць на сваё ўтрыманьне, пад сваю апеку. Такі вось тут дыяпазон.

Славуты пралетарскі пісьменьнік, які называў сябе “чалавекапаклоньнікам”, патэтычна ўсклікаў: “Нічога лепшага за чалавека няма на зямлі. Чалавек – гучыць горда”, і, адначасова, ён быў перакананы, што народжаны поўзаць – лётаць ня можа, і ён жа лічыў, што калі іншы чалавек у нечым непадобны на цябе, калі ён нязгодны з табой, то яго трэба разглядаць як ворага, і калі гэты вораг не здаецца, яго зьнішчяаюць. Што й рабілася, што й робіцца зараз.

Звацца чалавекам – было вышэйшым духоўным, грамадзкім, нацыянальным ідэалам для нашага Купалы.

Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

І далей:

А чаго ж, чаго захацелася ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім ?
– людзьмі звацца.

Гэта адвечнае імкненьне беларусаў было ўважана і знайшло ўвасабленьне ў словах Устаўной граматы Рады БНР ад 25 сакавіка 18 году, а потым у артыкулах канстытуцыі ад 15 сакавіка 1994 году, у якой чорным па беламу запісана: чалавек зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю грамадзтва і дзяржавы.

Як склаўся лёс гэтых гуманных вясновых актаў – вядома. Уладам пэўнага тыпу больш зручна і выгадна гаварыць з папулісцкім пафасам ад імя народа і імем народа, і вельмі нязручна і цяжка вельмі вымаўляць гэта простае і добрае слова – чалавек.

Анатоль Вярцінскі