Цывілізацыя – гэта калі куды вокам ня кінь, усюды бачна ня створанае
Богам, а зробленае рукамі чалавека.
Напрыканцы ХХ стагодзьдзя зямная куля як цесны пакой спрэс застаўленая
людзкім наробкам. І гэты рукатворны сьвет ужо мае сваю веру – тэхнічны
прагрэс, свайго Бога – атамную бомбу, свой судны дзень – ядзерны апакаліпсіс.
Тут усё амаль як і ў тым, нерукатворным. З адной толькі розьніцай –
Бог стварыў белы сьвет для птушак, зьвяроў, Адама і Эвы, а чалавек выштукаваў
цывілізацыю выключна дзеля самога сябе.
6 мільярдаў людзей штодня завіхаюцца ля камбайну сусьветнай цывілізацыі,
каб забясьпечыць хлебам і камфортам адно толькі чалавека. Пэўна, з гэтага
можна цешыцца. Ах, што за асілак, гэты маленькі чалавек, які агораў такую
магутную цывілізацыю!
Але хай кожны сам сябе запытае: а ці варты я, каб асабіста дзеля мяне,
дзеля майго кароткага існаваньня, гіганцкі молах цывілізацыі бяз
роздыху перамолваў на друз той жыцьцядайны сусьвет, што аднойчы быў створаны
Богам.
Я таксама запытаўся ў сябе, і мне зрабілася вусьцішна.
Валянцін Акудовіч