Цемрашал -- слова вясёлае. Яно -- асноўны атэістычны тэрмін,
пры дапамозе якога савецкая прапаганда вяла барацьбу з рэлігійнасьцю. Кажуць,
што слова цемрашал прыдумаў Кандрат Крапіва. Ён папросту гэніяльна
скалькаваў расейскае "мракобес", дзе "мрак" -- "цемра", а ня "змрок",
а "бес" -- "шал", а ня "бес".
Чаму слова ўзьнікла ў нашым стагодзьдзі -- ня ведаю. Ці то раней у Беларусі
гэткай зьявы як цемрашальства не было, ці то зьява была, ды безназоўная.
Адразу пасьля нараджэньня тэрміну "царкоўнае цемрашальства" пашырылася
на "сярэднявечнае", "фашыстоўскае", "ідэйнае" і "сэктанцкае".
Цемрашалы настойліва ўбівалі ў галовы сваіх ахвяр "несупраціўленьне
злу, нянавісьць да зброі, сьвяшчэннасьць і непарушнасьць законаў сэкты"
-- чытаем прыклад у тлумачальным пяцітамовіку беларускае мовы.
У розныя гады ХХ стагодзьдзя цемрашаламі ў Беларусі абвяшчаліся
розныя людзі: цемрашал Будны, цемрашал Цяпінскі, цемрашал
Сваяк. Усе яны былі рэлігійнымі дзеячамі ды працавалі на нашую культуру.
А вось рэлігійны дзяяч Сымон Полацкі, які шмат сілаў паклаў на культуру
расейскую, цемрашалам не абвяшчаўся.
Для бальшыні адукаваных людзей слова цемрашал зразумелае, але
ня страшнае. У ХХІ стагодзьдзі яно можа перайсьці ў шэрагі гумарыстычных
-- калі толькі ў нас будзе сапраўдная свабода поглядаў і веравызнаньня.
А вось вясковыя бабулі на слова цемрашал хутчэй за ўсё недаўменна
паціснуць плячыма -- маўляў, пра што гэта?
Сяржук Сокалаў-Воюш