Хатынь

Хатынь - назва беларускай вёскі, якая сымбалізуе тыя 136 нашых вёсак, што ў мінулую вайну былі спаленыя разам зь людзьмі і больш не адрадзіліся. За савецкім часам Хатынь стала самым яркім і вядомым знакам Беларусі ў сьвеце. Яе называлі ў адным шэрагу з чэскай Лідзіцэ, Літоўскім Пірчупісам, французкім Арадурам. Але нідзе ў іншых краінах фашысты не спалілі столькі вёсак, колькі ў Беларусі.

Чаму менавіта Хатынь абралі спачатку фашысты, а пасьля - савецкая прапаганда?

Па-першае, перад тым, як вёску спаліў карны ўкраінскі батальён, недалёка адсюль партызаны забілі нейкага фашыстоўскага чына. І спаленьне Хатыні было адказам на акцыю савецкіх партызанаў. Цяпер мы ведаем, што такі правакацыйны характар насіў увесь праславуты партызанскі рух, кіраваны з Крамля. Нідзе ў іншых краінах не было такой шырокай партызанкі, як у нас.

Па-другое, справа ў сугучнасьці, у гульні словаў: Хатынь - Катынь. Катынь - месца на Смаленшчыне, дзе напярэдадні вайны чэкісты расстрэльвалі палонных афіцэраў польскага войска. Сугучнасьць дазваляла савецкай прапагандзе затуліць факт сталінскага генацыду фактам генацыду фашыстоўскага.

У часе перастройкі Хатынь паступова перабралася ў шэраг новых сымбаляў беларускай трагедыі ХХ стагодзьдзя і заняла сваё месца паміж Курапатамі й Чарнобылем. Што да паспалітага народу, дык ён застаўся да гэтых сымбаляў абыякавым.

Памятаю, у Менску дваццацігадовае даўніны такую сцэну. Жанчына, магчыма, прыежджая, разам зь дзіцём доўга разглядала значкі ў кіёску саюздруку. Нарэшце яна сказала: «Мне, пожалуйста, два значка - колокольчик и машинку». «Які калакольчык?» - пытаецца кіяскёр. «Да вон тот, где Хатынь напісано».

Сяргей Дубавец