Бот складаецца зь перадоў, заднікаў, падэшвы, запяткаў або абцасаў і,
самае галоўнае -- з халявы.
Халявы могуць быць кароткімі й доўгімі, калянымі, наглянцаванымі, мяккімі,
ірховымі, суровымі, юхтовымі. Халявы, можна сказаць -- аблічча ботаў. Адсюль
і показка "бачна пана па халяве". А пра тое, калі ад ботаў толькі й засталіся
халявы, кажуць: "пан у ботах, а сьлед босы".
І на пачатку ХХ стагодзьдзя і асабліва ў сярэдзіне яго асаблівая ўвага
шаўцоў надавалася халявам -- "каб сонечных зайчыкаў ганялі" як люстэркі
-- так патрабавалі заказчыкі.
Апошнім часам слова халява было адарвана ад боту й пачало ўжывацца
ў іншым сэнсе: "халява" -- значыцца дармаўшчына, "на халяву" -- гэта значыць
"на дурня" напіцца, наесьціся ці чым палатацца.
Сьцюардэсы любяць анэгдот: "Міжнародная лінія. Разносяць выпіўку, закусь.
Падыходзіць сьцюардэса да саўка й прапануе выпіць ды падмацавацца. Ён у
адказ: "Бабак няма". І так -- некалькі разоў. Тады сьцюардэса зьвязваецца
са сваім аэрапортам, а там растлумачваюць, што "бабкі" -- гэта гатоўка,
грошы. І ўжо сьмела падыходзіць сьцюардэса да саўка ды кажа: "Халява, сэр!"
Прасьвятлеў савок і пачаў даваць два пляны па выпіўцы й па закусі. Сапраўды,
як у показцы "піў -- як у бот ліў".
Таго, хто любіць жыць "на халяву" завуць халяўшчык. Гэта халяўшчыкі
кажуць: "на халяву й гарчыца салодкая".
Рыгор Барадулін