Бусел, буцян, служка пяруна, ногі ў пажары, сьвятая птушка ў беларусаў...
У тую хату ніколі ня ўдарыць пярун, якая на гарбе страхі нясе буслова
гняздо.
На дрэве кладуць зьезджанае кола - сымбаль руху і сонца, каб бусел
лацьбаваў сабе гняздо, бусьлянку.
Паданьне распавядае, як Госпад даў чалавеку мех і сказаў занесьці ў
пекла. І ддначасна не глядзець, што ў мяху. Чалавек, вядома, не ўтрываў
і разьвязаў мех, нечысьць і распаўзлася па зямлі. За гэтую правіну госпад
зрабіў цікаўнага чалавека буслом і ўзгадаў зьбіраць нечысьць. А каб хоць
трошкі скрасіць ягонае жыцьцё, даручыў буслу прыносіць вясну, прылятаць
на зьвіставаньне, на самае сьвятое сьвята, на якое сам бусел гняздо не
ладзьбуе, а а дзяўчына касу ня чэша.
Малым тлумачылі, адкуль яны - іх бусел прынёс у капусту.
Бусел адчувае ліхалецьце, галодны год. Тады ён скідвае зь гнязда лішнія
яйкі, каб не выводзіць дзяцей у галоднае жыцьцё.
Уладзімер Караткевіч назваў сваю выдатнейшую кнігу пра прошласьць і
прышласьць Беларусі "Зямля пад белымі крыламі".
Дзеці нязлосна цьвеляцца з буслом: "Бусел-бусел-клекатун, схапіў жабу
за каўтун, валачыў, валачыў, і ў балоце памачыў". Ці так: "Буцян, буцян,
даўганосы, прапіў боты, а сам - босы".
У нас, на ўшацкай зямлі, каб бусел рабіў шырэйшыя кругі, падпявалі:
"Буцян, буцян, накруці кола, дам курыцу на Міколу".
А цяпер мне часам гучыць рэклямна: "Буцян, буцян, круці кола, дам бутэльку
"кока-колы"ю
Рыгор Барадулін.