Бугор

.

У помніку беларускай літаратуры Х11 стагодзьдзя "Слова пра паход Ігара" аўтар выгукае: "О Руская Зямля! Ты за буграмі ўжо!"

Паводе паходжаньня слова бугор старажытнаіндыйскае. Там яно мела значэньне гнуты, адкуль ужо няцяжка вывесьці: выгнуты, гарбаты.

Некаторыя дасьледчыкі бачаць у слове бугор ягоную роднасьць з Бугам - памежнай беларускай ракой. Можа быць таму беларусам сталася зусім блізкім і зразумелым гутарковае значэньне слова бугор, якое ўзьнікла ў 20-ым стагодзьдзі.

Бугор - гэта мяжа. Тое, што рабілася за бугром, савецкі чалавек мусіў адкідаць ужо паводле месца - за бугром.

Нават калі там адбывалася якое-кольвечы камуністычнае тузаньне - пільнасьць і асьцярожнасьць былі ня лішнія. Прыежджых з-за бугра, хай сабе і з сацыялістычнай краіны, нязьменна суправаджалі ГэБэшнікі. Ці ў асобе гіда, ці - перакладчыка, ці - невядома адкуль узьніклага, а насамрэч - падсунутага суразмоўцы.

Афіцыйна жыхар Беларусі, як і ўсе савецкія людзі, ненавідзіў тое, што было за бугром, ганіў эксплюатацыю, шкадаваў капіталістычных паднявольных. Але, як толькі ў крамах зьяўляліся ззабугровыя тавары, крытык і апанэнт рашуча адварочваўся ад паліцаў з найлепшай у сьвеце айчыннай прадукцыяй.

Разам з замежнымі таварамі разбэшчвалі душу і сеялі зерне сумневу ва ўсё савецкае галасы з-за бугра. Яны былі розныя: палітычныя, музычныя, кінематаграфічныя. У выніку чалавек пачынаў цікавіцца: а як там насамрэч?

Тыя, хто тым ці іншым чынам апынуліся за бугром, пісалі лісты, слалі пасылкі і фотаздымкі. Тыя, хто ўсё гэта атрымлівалі, а таксама іхныя знаёмыя марылі хаця б адным вокам глянуць на гэта ўсё пэрсанальна. Пасьля развалу СССР бугор, у значэньні мяжа, зьнік.

Магчыма, што ў 21 стагодзьдзі гэтае значэньне ізноў адродзіцца і нашчадак - беларус новага пакаленьня, зірнуўшы на ўсход годна паўторыць словы прашчура: "О Руская Зямля! Ты за буграмі ўжо!"

Сяржук Сокалаў-Воюш.