Бюст па-француску – гэта грудзі. Адсюль і ў іншых эўрапейскіх
мовах бюст азначае менавіта жаночыя грудзі й паясныя скульптурныя
партрэты.
У Беларусь гэтае слова патрапіла ў нашым стагодзьдзі з Расеі разам зь
бюстамі расейскіх цароў. Напрыклад, Аляксандра Другога –“асвабадзіцеля”.
Ягоныя бюсты стаялі ў Менску і Маглёве, у Шклове ды Бабруйску і,
нават, у купалаўскіх Бяларучах, вёсачцы на Лагойшчыне.
Але сапраўдны шал бюстызацыі пачаўся за бальшавікамі. Спачатку
скінулі бюст цара й замянілі яго бюстам Карла Маркса з гіпсу.
Яго ж беларусы й разьбілі першым, калі бальшавікі ўцяклі былі зь Менску.
Калі ж яны вярнуліся, дык заставілі ўсю Беларусь бюстамі. Першым
жа помнікам у паваенным Менску стаў бюст Дзяржынскага, які глядзеў
на будоўлю гмаху КГБ. Пасьля пачалі ставіць бюсты на радзіме герояў:
спачатку – вайны, пасьля – космасу й, нарэшце, – сацыялістычнай працы.
Апошнім савецкім бюстам стаў помнік Грамыку, міністру замежных справаў
СССР, у вёсцы Старыя Грамыкі, на Гомельшчыне. І цяпер гэтая самотная галава,
прыпыленая радыяцыяй, сузірае на спусьцелую “радзіму героя”. І першым жа
бюстам, скінутым пры незалежнасьці, стаў помнік Карла Маркса, што
стаяў разам зь бюстам Леніна ля будынку былога ЦК.
У сваім першародным сэнсе слова бюст прыйшло да нас у 80-я гады.
Слова бюстгальтар, вывернутае на ўсялякія лады ў беларускім роце,
было вядомае крыху раней, калі ім сталі замяняць уласныя станікі ды гарсэцікі.
Але тое, што грудзі ў жанчынаў завуцца па-культурнаму бюстам, стала
ведама люду паспалітаму зь “перастройкаю”. Кароткае замежнае слова эканоміць
і час, і адчуваньні. Але й блытае. “Шыкоўны бюст! Прыгожы бюст!”
– можна сказаць і пра гранітную халодную галаву й пра цёплыя пачуцьці.
Аднак нават самы гарадзкі беларус усё ж ня скажа, што маці дае немаўлятку...
бюст. Бо гэта слова, пазбаўленае цела.
Сяргей Харэўскі