Батлейка

Слова “батлейка” прыжылося на Беларусі здарожаным паломнікам да сьвятога места Бэтлеем. Менавіта з далёкай радзімы Ісуса Хрыста заманулася беларусам мець пацешныя спэктаклі пра крыважэрнага цара Ірада ды яго паслухмянага жаўнера Ваяку, пра добрага анёла ды падступнага чорта, што намаўляе цара-шаленца на забойства Божага Сына.

Перасоўны тэатрык вандраваў ад вёскі да вёскі, ягоныя ўдзельнікі моклі ў дажджэвіцу, прадавалі дрыжыкі ў мароз. Затое якой радасьцю запальваліся вочы малечы, калі над вільчаком казачнай хаткі ўспыхвала калядная зорка, а невідочны батлеечнік выпускаў на сцэну лялечных гаварлівых пэрсанажаў.

Беларуская батлейка мела і сваякоў – польскую шопку ды ўкраінскага вэртэпа, што ў 1923 годзе маглі зайздросьціць беларускай сястры, якую пісьменьнік Ілары Барашка павёз у Маскву і зладзіў сьвяточны батлеечны паказ на Усерасейскай Сельскагаспадарчай саматужна-прамысловай выставе. Але той сьвяточны паказ стаўся ўадначас і сумна-разьвітальным.

Вярнуцца да жыцьця батлейка здалела толькі напрыканцы шматспадзеўных 80-х дзякуючы майстру Алесю Ласю ды Музэю Маскіма Багдановіча, пад чыёй страхой яна жыве і сёньня.

Батлейка і за тры стагодзьдзі не састарэла. Яе клясычныя сюжэты пра змаганьне дабра зь ліхам сёньня для беларусаў ізноў надзённыя, хіба што ня шкодзіла б троху паднавіць рэквізыт. Далібог жа, слова старога і барадатага цара Ірада пасавалі б яго вусатаму і лысаму падвойніку, што мае моду маладзіцца:

“Зноў спакой мяне пакіне,
Чуў я, што ў маёй краіне
Аб’явіўся новы цар –
Людзкіх сэрцаў валадар.
Хоча ўладу захапіць,
Мой загад – яго забіць”.

Уся Беларусь напрыканцы другога тысячагодзьдзя ператварылася ў лялечны тэатар: хтосьці тузае за нітку, хтосьці прамаўляе чужым голасам.

Батлейка, батлейка, чароўная дзея.

Міхась Скобла