У ХХ стагодзьдзі беларускаму народу давялося перажыць многа гістарычных
падзеяў. На маю думку, найбольш выдатныя зь іх, гэта два вялікія ўсебеларускія
сходы, якія адбыліся адзін у першай палове, а другі – у другой палове стагодзьдзя,
якое нас ўжо пакідае. Я маю на ўвазе Усебеларускі Кангрэс, які адбыўся
ў сьнежні 1917 году, і які паклаў пачатак працэсу ўтварэньня і абвешчаньня
незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, і, безумоўна, Першы зьезд
беларусаў сьвету ў ліпені 1993 году.
Так склалося ў маім жыцьці, што мне давялося ня толькі ўдзельнічаць
у гэтым зьезьдзе, але і прымаць удзел у яго падрыхтоўцы і арганізацыі.
І вось сёньня я ўспамінаю тую атмасфэру, у якой праходзіў гэты форум, і
хачу сказаць, што акрамя таго, што людзі ведаюць, што гэта было сьвята
для ўсіх нас, гэта было і цяжкае змаганьне за тое, каб Зьезд усё-ткі прайшоў
так, як гэта карысна для нашай Радзімы, для нашага беларускага народу.
Я ўспамінаю сёньня тыя дні, асабліва апошняе паседжаньне сумеснага арганізацыйнага
камітэту і рабочай групы “Бацькаўшчыны”. Арганізацыйны камітэт узначальваў
ад дзяржавы Пётар Краўчанка. На ім вырашалася пытаньне, хто будзе адкрываць
зьезд. І вось тады якраз і пачалося гэта сапраўднае змаганьне за зьезд
– бо хто будзе адкрываць зьезд, той будзе і кіраваць зьездам.
Краўчанка адназначна заявіў у той дзень, што менавіта ён будзе адкрываць
зьезд. Я ж, адчуваючы на сабе адказнасьць за тое, што ўсё ж мушу ў гэтай
справе перамагчы і зрабіць так, каб грамадзкія сілы кіравалі гэтым зьездам,
рашуча яму заявіла, што ён ня будзе адкрываць гэты зьезд.
І вось адсюль пачаліся непрыемнасьці і для мяне асабіста, і вельмі складаная
сытуацыя. Паседжаньне нашае было перарванае. Праз некалькі гадзін мяне
выклікалі да Краўчанкі ў ягоную сядзібу Міністэрства замежных справаў,
і вось там мы больш за чатыры гадзіны сядзелі і спрачаліся. І ў рэшце рэшт,
можна сказаць, ніхто не перамог. Змаганьне было жорсткае. Урэшце мы сумесна
вырашылі, што Зьезд будзе адкрываць Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Так мы
дамовіліся.
І вось напярэдадні зьезду вечарам сёмага я дазнаюся, што Краўчанка вырашыў
– відаць яны параіліся з уладнымі структурамі – адкрываць Зьезд сам, каб
улада на ім знаходзілася не ў руках грамадзкіх структураў.
Я ў тую ноч ня спала – не магла заснуць, бо думала як зрабіць так, каб
Зьезд быў усё ж у нашых руках.
І вось раніцай хуценька пабегла ў Опэрны тэатар. Там было мноства людзей,
там віравала жыцьцё, пачыналася гэтая вялікая падзея, і там я зразумела,
што той, хто будзе ў гэтай вялікай залі Опэрнага тэатра мець у руках тэхніку,
мікрафон – толькі той будзе кіраваць зьездам. І вось толькі гэтая думка
дапамагла мне тады вырашыць гэтае важнае пытаньне. Я папрасіла Васіля Ўладзімеравіча
сесьці ў прэзыдыюме менавіта насупраць мікрафона.
І такім чынам ужо ад пачатку мы ўтрымалі ўладу ў сваіх руках, адкрыў
зьезд Васіль Уладзімеравіч, і далей я ўжо цікавала толькі за тым, каб гэтая
тэхніка, гэтае маленькае прыстасаваньне было ў руках нашых. І, дзякуючы
гэтаму, Зьезд адбыўся так, як мы хацелі, і стаў сапраўды адметнай старонкай
у нашым жыцьці, у жыцьці нашага народу.
Ганна Сурмач